ГРАМАДСКІЯ СПРАВЫ З УДЗЕЛАМ МОЛАДЗІ

1=====На базе Студзёнкаўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы прайшло чарговае пасяджэнне Моладзевай палаты.

Праект стварэння моладзевага органа, ініцыяваны ў сакавіку бягучага года абласным камітэтам ГА «БРСМ», закліканы не толькі пазнаёміць школьнікаў з сістэмай мясцовага кіравання і самакіравання, але і даць ім магчымасць удзельнічаць у рэалізацыі сацыяльна значных праектаў на рэгіянальным узроўні, ажыццяўляць уласныя ініцыятывы. Дзейнасць новай структуры накіравана на ўдасканаленне форм узаемадзеяння моладзі з мясцовымі органамі ўлады, на фарміраванне прававой і палітычнай культуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення.
Нагадаем, што ў Моладзевую палату ўвайшлі 23 чалавекі. Гэта вучні школ ва ўзросце ад 14 гадоў, вылучаныя іх жа равеснікамі шляхам галасавання.
Удзел у пасяджэнні прымалі як юныя дэпутаты, так і іх старэйшыя калегі з раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі.
На разгляд быў вынесены шэраг надзённых пытанняў. У іх ліку дзейнасць назіральных камісій і пазаштатных пажарных інспектараў па арганізацыі пажарна-прафілактычнай работы ў жылым фондзе і правядзенні агляду супрацьпажарнага стану населеных пунктаў, рэалізацыя райкамам ГА «БРСМ» і Моладзевай палатай сумесных з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях (РАНС) акцый «Не прожигай свою жизнь», «Бяспечны Новы год», а таксама ўдзел моладзі раёна ў акцыі «Цуды на Каляды», конкурсе інфармацыйных буклетаў «Бяспечная зіма».
Прысутныя заслухалі даклад намесніка начальніка Сенненскага РАНС Андрэя Рогава.
Вольга Шчарбакова і Алег Барытка, старшыні Ходцаўскага і Студзёнкаўскага сельвыканкамаў, пазнаёмілі юных дэпутатаў з дзейнасцю сваіх сельскіх Саветаў і выканаўчых камітэтаў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння.
З прапановамі па рэалізацыі ўласных праектаў па добраўпарадкаванні выступілі і члены Моладзевай палаты Ірына Старавойтава (Студзёнкаўская ДССШ), Дзіяна Буднова (Беліцкая ДССШ), Дзіяна Леганькова (Сенненская школа-інтэрнат), Вольга Мядзведзева (Машчонская ДССШ).
Завяршальным акордам пасяджэння стала экскурсія па Студзёнкаўскай ДССШ.

Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.