Героі «Дажынак — 2010»

Вячаслаў Мікалаевіч  Міхалёнак, вадзіцель ААТ «Сенненскі райаграсервіс» (на здымку), заняў першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве  сёлетняга года па нарыхтоўцы кармоў. На сваім магутным МАЗе  перавёз  каля  9 тысяч тон зялёнай масы і стаў удзельнікамсвята «Дажынкі-2010» у г.Ліда. Там Вячаслаў Мікалаевіч  атрымаў Дыплом першай ступені. Не лішняй рэччу  ў  хатняй гаспадарцы будзе і хала­дзільнік, які таксама падарылі пераможцу.

 Быць вадзіцелем Вячаслаў Міхалёнак не збіраўся. У юнацтве перад ім адкрывалася зусім іншаядарога. Пасля заканчэння 7 класаў другой сенненскай школы хлопец быў залічаны ў  віцебскую школу-інтэрнат  спартыўнага профілю, якая тады пачала працаваць (цяпер — вучылішча  алімпійскага рэзерву). У час вучобы паказваў нядрэнныя спартыўныя рэзультаты па лёгкай атлетыцы. Быў членам юнацкай зборнай Бларусі, а некаторы час —  і  Саюза. Але жыццё склалася так, што спорт давялося пакінуць.  Потым была служба ў войсках  ППА Ленінградскай  ваеннай акругі. Калі  адслужыў і вярнуўся дадому, паступіў у Сенненскую друкарню вучнем друкара. Але хутка зразумеў, што гэты занятак не для яго.

 Пасля вучобы ў аўташколе па накіраванні аўтапрадпрыемства №20 атрымаў правы вадзіцеля. Працаваў на  Сенненскім заводзе сухога абястлушчанага малака, у сельгастэхніцы, на прадпрыемстве «Астра», якое было калісьці створана ў калгасе  «1 Мая», у сельгасхіміі. Пасля яе аб’яднання  з сельгастэхнікай  працуе ў райаграсервісе.

 У час «Дажынак» у Лідзе, гаворыць Вячаслаў Мікалаевіч, асабліва крануў за душу момант, калі ішлі па вуліцах у калонах, а людзі віталі з непадробнай сардэчнасцю і шчыра апладзіравалі. Гэтыя добразычлівыя адносіны і разуменне таго, што добрая праца ў нашай краіне цэніцца і паважаецца не на словах, а на справе, даюць стымул і сілы для новых дасягненняў і перамог.

Таццяна Буракова.