ДОМІК ПА САВЕЦКАЙ, ДЗЕ ДАПАМАГАЮЦЬ ПАЧАЦЬ ЖЫЦЦЁ ЗАНАВА

Юля+++Яго ў гарадскім пасёлку Багушэўск вам пакажа кожны. Ён стаў сапраўдным выратаваннем для тых,   хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з якой, здавалася б, няма выйсця, а таксама аб’яднаў у добрых справах многіх неабыякавых жыхароў.

Аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзяржаўнай установы «Сенненскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» адкрыла свае дзверы ў сакавіку 2013 года. Падапечныя ўстановы адносяцца да найбольш праблемных катэгорый насельніцтва — неблаганадзейныя сем’і, сіроты-выпускнікі інтэрнатных устаноў, асобы, якія вярнуліся з месцаў зняволення. Да такіх людзей у абывацеля, як правіла, стаўленне загадзя негатыўнае. Але супрацоўнікі і валанцёры аддзялення на чале з Галінай Секачовай крок за крокам дапамагаюць гэтым людзям сысці з крывой дарожкі і вярнуцца ў паўнавартаснае жыццё.
— Нашым аддзяленнем вядзецца праца з асобамі з ліку дзяцей-сірот ад 18 да 23 гадоў, якія вярнуліся на малую радзіму пасля заканчэння інтэрнатаў. У дадзены момант у банку дадзеных знаходзяцца 12 чалавек. Большасць з іх — гэта сацыяльныя сіроты, бацькі якіх былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Яшчэ адна складаная катэгорыя — асобы, якія вярнуліся з турмы, ЛПП. Такіх у нас налічваецца 8 чалавек. Ім вельмі цяжка адаптавацца ў грамадстве, — распавядае Галіна Рыгораўна.
Дзейнасць, што праводзіцца ва ўстанове, ахоплівае розныя жыццёвыя аспекты.
— Гэта і сацыяльнае суправаджэнне ў розныя арганізацыі, — тлумачыць Галіна Рыгораўна, — і псіхалагічная падтрымка (гутаркі і кансультацыі на розную тэматыку), садзейнічанне ў рэгістрацыі, аказанне гуманітарнай дапамогі, рашэнне жыллёвых пытанняў, працаўладкаванне, аднаўленне дакументаў.
Акрамя таго, у аддзяленні распрацаваны і рэалізуюцца некалькі праектаў, накіраваных на сацыяльную адаптацыю падапечных.
Адзін з іх — «Святасць мацярынства» — спрыяе фарміраванню ўсвядомленага бацькоўства. На жаль, пасталелыя сіроты, як правіла, вельмі рана абзаводзяцца дзецьмі, але пры гэтым яны не разумеюць усёй той адказнасці, што нясе за сабой новая сацыяльная роль. Ды і адкуль ёй узяцца, калі ў свой час перад імі не было прыкладу нармальных сямейных адносін, прыкладу мацярынства. Праект ставіць за мэту дапамагчы дзяўчатам, маладым матулям захаваць матчыныя якасці, каб яны не паўтарылі лёс сваіх гора-бацькоў і тым самым не працягнулі заганны ланцуг сіроцтва. Яркім вынікам карпатлівай штодзённай працы стала вяртанне дваіх малалетніх дзяцей у біялагічную сям’ю.
У рамках праекта супрацоўнікі аддзялення арганізуюць сустрэчы з сем’ямі, якія знайшлі ў сабе сілы стаць на шлях выпраўлення. На іх прыкладзе тыя, хто пакуль яшчэ не ўсвядоміў усю заганнасць сваіх паводзін, і хто толькі ўступае ў даросласць, павінны зразумець, што вярнуцца да нармальнага жыцця магчыма. У Дзень Маці падапечныя і супрацоўнікі аддзялення пабывалі «У гасцях у …» (так назвалі акцыю ў аддзяленні) адной з такіх сямей. Юлія і яе муж (прозвішчы не пазначаны па этычных меркаваннях) з ліку сацыяльных сірот. Адзін час жыццё былых дзетдомаўцаў суправаджалі алкаголь, скандалы, бытавая бязладзіца, беспрацоўе. Сёння гэтая маладая сям’я працуе, выхоўвае дваіх дзяцей, уладкоўвае нядаўна набыты дом у цэнтры Багушэўска. Пра цяжкі шлях перавыхавання маладая гаспадыня распавяла за сталом, зразумела, салодкім.
Адзін у полі не воін, упэўненыя ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Менавіта таму тут імкнуцца падключаць да справы жыхароў гарпасёлка. У ліку актыўных валанцёраў — супрацоўнікі і наведвальнікі суседняга аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту (загадчыца Галіна Аверчанка).
Пастаянную прапіску атрымала дабрачынная акцыя «Сям’я сям’і», калі неабыякавыя жыхары прыносяць у аддзяленне вопратку, цацкі, школьныя прылады. Рэчы потым перадаюцца малазабяспечаным сем’ям.
У аддзяленні імкнуцца наладзіць супрацоўніцтва з рознымі службамі, зацікаўленымі ў аказанні дапамогі такім катэгорыям грамадзян. Іх прадстаўнікі — частыя госці на занятках клуба «Прыступкі, што вядуць уверх», на якіх падапечных аддзялення вучаць вырашаць жыццёвыя пытанні. Напрыклад, як уладкавацца на працу, кінуць паліць і гэтак далей. Кожны занятак праводзіцца ў форме гульні, трэнінгу, каб на практыцы паказаць, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі.
— Станоўчыя моманты ёсць, — кажа Галіна Секачова. — Хоць, безумоўна, не ўсё так проста. Калі ты ніколі не працаваў, вёў асацыяльны лад жыцця, нерэальна ў адначассе пачаць жыццё з чыстага ліста. Мы пастаянна бываем на пасяджэннях мясцовага грамадскага пункта аховы правапарадку. Зрывы здараюцца, але самае галоўнае, нашы падапечныя ведаюць, куды можна звярнуцца за парадай і дапамогай.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: падчас сустрэчы «У гасцях у Юліі».