БІБЛІЯТЭКА ЗБІРАЕ СЯБРОЎ

1++Так называлася сустрэча, прысвечаная Дню бібліятэк і арганізаваная супрацоўнікамі Сенненскай раённай бібліятэкі, якія запрасілі ў чытальную залу ўстановы сваіх лепшых сяброў — самых актыўных чытачоў.

Перад пачаткам мерапрыемства гасцей чакалі выставы, аформленыя да свята. З цікавасцю знаёміліся чытачы з экспазіцыяй выставы-аўтографа «Бібліятэцы — ад Аўтара!», дзе былі прадстаўлены кнігі з аўтографамі мясцовых пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і розных грамадска-палітычных дзеячаў. Не меншы інтарэс выклікалі экспанаты выставы-рэкамендацыі «Запрашаем да чытання навінак».
Дзень бібліятэк — гэта не толькі прафесійнае свята бібліятэчных работнікаў. Гэта свята людзей розных прафесій, сацыяльнага статусу і ўзросту, якіх аб’ядноўвае любоў да кнігі. Такімі словамі адкрыла вечар-сустрэчу загадчыца Сенненскай бібліятэчнай сістэмы Алена Мяцеліца. Яна павіншавала чытачоў, сваіх калег і ветэранаў галіны.
2+++Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Мяцеліца падзякаваў калектыў за работу, за рамонт будынка бібліятэкі. У сваю чаргу, аддзел, які ўзначальвае Сяргей Сцяпанавіч да прафесійнага свята падарыў установе культуры стэлажы для кніг.
Са шматлікімі падарункамі прыйшла на сустрэчу Таццяна Гарнак, дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг г.Сянно, які выступіў генеральным спонсарам мерапрыемства. Самым галоўным з падарункаў быў фотаальбом «Победа. Помним и гордимся», на старонках якога змешчана больш за 400 здымкаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, зробленых франтавымі фотакарэспандэнтамі, у тым ліку і вядомымі майстрамі. Таццяна Пятроўна — даўні сябар бібліятэкі, і ў час сустрэчы прызналася, што ў дзяцінстве вельмі хацела стаць бібліятэкарам. Хоць гэта мара і не ажыццявілася, але любоў да чытання кніг засталася.
Кнігі і добрую песню ва ўласным выканнні падарыла бібліятэцы супрацоўніца раённага музея Браніслава Жалтабрухава.
Увазе гасцей была прадстаўлена камп’ютарная прэзентацыя бібліятэчнай установы. Запрошаныя на свята чытачы зрабілі «падарожжа» па яе залах, бліжэй пазнаёміліся з калектывам работнікаў. Госці атрымалі і сапраўдную магчымасць прайсціся па залах бібліятэкі, запісацца на абанемент і ўзяць кнігі на дом, зрабіць фота на памяць, а ў бібліякафэ пакаштаваць смачную выпечку, прыгатаваную гасціннымі гаспадынямі.
У гэты вечар усё было да паслуг чытачоў, бо яны, як заўважыла вядучая праграмы Лілія Кулік, з’яўляюцца сэрцам і душой бібліятэкі.
IMG_0111+++Спецыяльна да свята былі прааналізаваны чытацкія фармуляры і вызначаны самыя актыўныя наведвальнікі, якіх адзначылі ў розных намінацыях. «Самымі паважнымі чытачамі» сталі старэйшыя сябры бібліятэкі Віктар Іванавіч і Ася Пятроўна Астапенкі. Іх чытацкі стаж налічвае каля 50 гадоў, але нягледзячы на ўзрост яны і цяпер чытаюць з вялікім задавальненнем. Больш за 35 гадоў з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі Таццяна Гусарэвіч, Генадзь Шубка, Аляксандр Кучко. Абсалютным чэмпіёнам па колькасці прачытаных на працягу года кніг стала Наталля Васілёнак.
У намінацыі «Бібліятэчная знаходка-2015» была адзначана сям’я Аляксандра Мікалаевіча і Галіны Леанідаўны Цепляковых — сапраўдных аматараў кнігі. Да таго ж, гэтыя цікаўныя і жыццярадасныя людзі з’яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх бібліятэчных мерапрыемстваў.
Многія ведаюць жыхара нашага горада Мікалая Аркадзьевіча Падалінскага як цікавага субяседніка і жартаўніка. І не дзіўна, што ў час бібліятэчнай сустрэчы ён атрымаў званне «Самы вясёлы чытач». А самым эрудыраваным у намінацыі «Чытач-энцыклапедыя» быў прызнаны Васіль Віктаравіч Бандарэвіч, аўтар кніг па краязнаўстве, якія карыстаюцца ў бібліятэцы вялікім попытам.
Ні адзін з запрошаных на свята чытачоў не застаўся без увагі, таксама як і шмат іншых, што не прысутнічалі на свяце, але з’яўляюцца актыўнымі наведвальнікамі бібліятэкі (пералічыць усіх немагчыма з-за абмежаванасці газетнай плошчы).
У гэты дзень словы ўдзячнасці прымаў і пазаштатны фатограф бібліятэкі Аляксандр Аляксандравіч Карбоўскі, дзякуючы якому ўбачыць сенненскіх бібліятэкараў і пазнаёміцца з іх работай можна ў інтэрнэце.
Гаспадары сустрэчы весялілі гасцей рознымі забаўляльнымі мерапрыемствамі. З асаблівым імпэтам прайшоў конкурс «Бібліятэчныя фанты». Свае чытальніцкія здольнасці прысутныя паказалі ў «Бібліятэчным караоке». Сапраўднымі падарункамі і супрацоўнікам установы і чытачам сталі песні ў выкананні Таццяны Ладунец, Раісы Усціновіч, Аляксандра Васілёнка, трыо «Добрыя дзяўчаты». А ад гумарэсак, якія чытала ўдзельніца бібліятэчнага клуба «Наедине» Аляксандра Краўчанка, зала ўзрывалася смехам і шквалам апладысментаў.
Дзве з паловай гадзіны, якія доўжылася сустрэча, праляцелі імгненна, ніхто не глядзеў на гадзіннік і не спяшаўся пакідаць гасцінную залу раённай бібліятэкі, дзе дзякуючы старанням і прафесіяналізму работнікаў кожны дзень для наведвальнікаў раскрываецца свет ведаў, а рэальны свет робіцца больш добрым, спагадлівым і шчаслівым.
Таццяна Буракова.
На здымках: у час сустрэчы ў раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.