55 ГОД АДКРЫВАЮЦЬ ТАЛЕНТЫ

ippСенненскі цэнтр дзяцей і моладзі ў жніўні адзначыў сваё 55-годдзе. Сёння ўстанова рэалізоўвае адукацыйныя праграмы для навучэнцаў розных узроставых катэгорый і розных профіляў: тэхнічнага, патрыятычнага, прафарыентацыйнага, забаўляльнага, мастацкага, спартыўна-аздараўленчага, эколага-біялагічнага, турыстычна-краязнаўчага, і вырашае адну з галоўных задач грамадства — творчае развіццё асобы, — захоўваючы традыцыі і адказваючы на новыя запыты новых пакаленняў у новых сацыяльна-эканамічных умовах, гаворыць дырэктар установы дадатковай адукацыі Валянціна Каржыцкая.

1+++++Гады станаўлення і развіцця
А пачалася гісторыя цэнтра ў 1960 годзе, калі рашэннем сесіі раённага выканаўчага камітэта ад 25 жніўня быў адкрыты Сенненскі Дом піянераў і школьнікаў. Размяшчаўся ён у старым драўляным будынку па вуліцы К.Маркса (былы будынак рускай школы г.Сянно). Першым дырэктарам была Н.П.Ніжэвіч, яна ж вяла тэатральны гурток.
Праз два гады ўстанова атрымала асобнае памяшканне. У той час тут працавалі дзевяць гурткоў» «Тэатральны», «Танцавальны», «Харавы» (кіраўнік У.Н.Осіпаў), «Хор хлопчыкаў» (В.В. Шульжэнка), «Драматычны», «Гімнастычны», «Струнны» (У.П.Алейнікаў), «Фотагурток», «Масавікоў-забаўнікаў».
У 1962 годзе дзейнасць установы была накіравана на дастойную сустрэчу 40-годдзя піянерскай арганізацыі. Гурткі рыхтаваліся да выступлення на святкаванні гэтай даты. «Фотагурток» ствараў фоталетапіс работы Дома піянераў і школьнікаў. Піянеры і камсамольцы на занятках гурткоў вывучалі Праграмы і матэрыялы з’ездаў КПСС. У летні перыяд былі адкрыты гурткі «Юнат» і «Вывучэнне роднага краю».
З 1965 па 1968 год дырэктарам Дома піянераў працавала Ніна Васільеўна Марозава. Пасля яна ўспамінала: «У той час гэта быў вялікі аднапавярховы будынак казарменнага тыпу з вялізнымі вокнамі. У гэтым будынку таксама размяшчаліся база дзіцячай спартыўнай школы і музычная школа. Дом піянераў займаў адзін пакой. Зала была агульная.»
3+++++Метадыстам установы тады працавала Вера Рыгораўна Чарнышкова (Васілёнак). Яна вяла «Танцавальны» гурток. Павышаючы свой прафесійны ўзровень на рэспубліканскіх курсах, яна асвоіла ўваходзячыя ў моду сучасныя эстрадныя танцы і зацікавіла імі гурткоўцаў.
У 1973-1974-м калектыў установы складаецца з дырэктара Зінаіды Іванаўны Камінскай, метадыста Ларысы Андрэеўны Гусевай і масавіка-забаўніка Лідзіі Уладзіміраўны Якуш.
1 верасня 1975 года масавіком-забаўнікам прынята Валянціна Віктараўна Кармазіна (Каржыцкая). У практыку работы са старэйшымі важатымі дружын раёна ўваходзяць заняткі па развучванні піянерскіх песень, сімвалаў і рытуалаў.
З восені 1975 па 1977 год Дом піянераў і школьнікаў размяшчаецца ў адным са старых будынкаў беларускай сярэдняй школы горада Сянно. У красавіку 1977 года дырэктарам пазашкольнай установы прызначана Вольга Аркадзьеўна Мазго (пазней была галоўным рэдактарам раённага радыё «Голас Лагойшчыны»).
З верасня 1977 года Дом піянераў арэндуе другі паверх у былым будынку былой земскай управы (сёння там месціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей), дзе ўстанова займае восем кабінетаў і актавую залу. На наступны год зноў размяшчаецца ў былым будынку рускай школы і займае адзін кабінет. Тэхнічнае аснашчэнне Дома піянераў у той час складалі фотаапараты «Зоркий», «Киев» і друкавальная машынка.
У 1979-1981 гадах дырэктарам установы працуе Ніна Сямёнаўна Грызлова. Дом размяшчаецца на першым паверсе былога будынка земскай управы ў чатырох пакоях.
У 1981-1982 навучальным годзе на пасаду дырэктара прызначана Тамара Яўгенаўна Гаручка. Валянціна Каржыцкая, якая ў той час была метадыстам установы, успамінае: «Мы вельмі шмат гастраліравалі: выступалі з канцэртамі, міні-спектаклямі ў працоўных калектывах (аўтабаза, ПМК-64, хлебакамбінат, райсельгастэхніка). Былі арганізаваны выязныя творчыя сустрэчы клуба важатых Сенненскага і Талачынскага раёнаў. У 1983-1984 навучальным годзе адбылася перадача вопыту работы па навучанні піянерскага актыву слухачам курсаў Рэспубліканскай камсамольскай школы актыву. З гэтага ж часу пачынаюць праводзіцца штогадовыя вялікія зборы піянерскага актыву».
З 1996 па 2007 год дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў працуе Наталля Аркадзьеўна Пагарэльская. З яе прыходам актывізуецца супрацоўніцтва з раённым аддзелам адукацыі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. У 1998 годзе па рашэнні райвыканкама Дом піянераў і школьнікаў пераймяноўваецца ў Цэнтр пазашкольнай работы. Кіраўніком гуртка цэнтра Таццянай Сірэнка распрацоўваецца эмблема ЦПР. У 2005 годзе на музыку кіраўніка гуртка Ігара Клячына калектыў складае песню «Наш цэнтр».
Установа сёння
З 2007 года і па сённяшні дзень дырэктарам Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі (сучасная назва) працуе Валянціна Віктараўна Каржыцкая, якая сорак гадоў аддала рабоце ў сферы пазашкольнага выхавання.
Многае змянілася на працягу 55-гадовай яе гісторыі. Сёння цэнтр вырашае адну з галоўных задач грамадства — творчае развіццё асобы ў новых сацыяльна-эканамічных умовах.
«Сярод навучэнцаў цэнтра, — расказвае Валянціна Каржыцкая, — ёсць лаўрэаты міжнароднага экалагічнага фестывалю «Зялёная планета», прызёры рэспубліканскіх выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фестываляў, злётаў, літаратурных конкурсаў. Выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах «Судамакетаванне», «Займальны свет радыёэлектронікі», «Юны канструктар» штогод займаюць прызавыя месцы ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў «Квант», выніковай выставе дзіцячай тэхнічнай творчасці.»
Навучэнцы цэнтра, якія дасягнулі высокіх вынікаў у творчых конкурсах, узнагароджваюцца пуцёўкамі ў нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», абласны лагер дзіцячага актыву «Лідар». Многія выхаванцы, дзякуючы ўдзелу ў аб’яднаннях па інтарэсах, вызначылі сваю будучую прафесію.
Калектыў цэнтра вядзе работу па рэалізацыі значнай дзейнасці ў галіне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. З 2002 года дзейнічае сацыяльная ініцыятыва «Дзіцячая радыёхвілінка». Яе ўдзельнікі рыхтуюць выпускі, якія выходзяць у раённы радыёэфір, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах дзіцячых і юнацкіх СМІ. Навучэнцы цэнтра ў 2011-2012 навучальным годзе ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта «Вяртанне да вытокаў», прысвечанага памяці нашай зямлячкі Матроны Маркевіч, якая з’яўляецца аўтарам арнаментальнага ўзору, што размешчаны на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Тэма Года моладзі знайшла адлюстраванне ў праекце цэнтра «Нам будаваць будучыню краіны», які адзначаны дыпломам другой ступені Міністэрства адукацыі.
Супрацоўнікі ўстановы дадатковай адукацыі ўдасканальваюць свой вопыт у час удзелу ў абласных і рэспубліканскіх семінарах-практыкумах, канферэнцыях, выставах навукова-метадычнай літаратуры і перадавога педагагічнага вопыту. У 2013-2014 навучальным годзе ўсе дзевяць педагогаў цэнтра атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за прызавыя месцы ў выставе-конкурсе распрацовак «Мой лепшы занятак», чацвёра з іх былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З’яўляючыся важным кампанентам адукацыйнай прасторы ў раёне, Сенненскі цэнтр дзяцей і моладзі працуе ў трывалай сувязі са школамі, дзіцячымі садкамі, арганізацыямі, зацікаўленымі ў супрацоўніцтве. Гэта ўстановы культуры, РАНС, ДАІ, РАУС, ваенкамат, арганізацыі БРПА, БРСМ, Беларускага саюза жанчын, грамадскага аб’яднання «Белая Русь», савет ветэранаў, раённая газета і радыё і іншыя.
У сценах цэнтра дзеці набываюць карысныя веды і навыкі, атрымліваюць задавальненне ад зносін з педагогамі, бачаць у іх старэйшых таварышаў, стараюцца быць падобнымі да іх. У такой абстаноўцы нараджаюцца таленты, раскрываюцца дараванні.
Таццяна БУРАКОВА.