ПРЫЗЁР РЭСПУБЛІКАНСКАГА СПАБОРНІЦТВА
Запрашэнне на рэспубліканскія «Дажынкі-2010» для вадзіцеля ААТ «Сенненскі райаграсервіс» Валерыя Рыгоравіча Окуня было нечаканым. Працаваў ён не дзеля званняў і ўзнагарод, а так, як падказвала сумленне, як прывык працаваць заўсёды, з дня ў дзень.
Перадавому работніку, вядома ж, прыемна, што дзяржава адзначыла яго працу. На свяце ў г.Ліда Валерый Окунь за другое месца сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў атрымаў дыплом з рук віцэ-прэм’ера Івана Бамбізы. У якасці заахвочвання за добрыя паказчыкі механізатар узнагароджаны таксама каштоўным падарункам — газавай плітой.
Нарадзіўся і вырас герой рэспубліканскага спаборніцтва на сенненскай зямлі. Скончыў другую сярэднюю школу райцэнтра. Воінскую службу праходзіў у Польшчы аператарам дальняй сувязі. У арміі і набыў прафесію вадзіцеля.
Пасля дэмабілізацыі яна прыйшлся дарэчы. Працаваў у калгасе імя Гастэлы шафёрам і камбайнерам…
На дажынках у Лідзе Валерыю Рыгоравічу асабліва спадабалася добразычлівасць, з якой сустракалі лідараў рэспубліканскага спаборніцтва мясцовыя жыхары і арганізатары мерапрыемства. Уразіў сваёй прыгажосцюі ўтульнасцю горад. Цікавай была экскурсія ў старажытны замак і мясцовы музей.
Таццяна Буракова.