У РАЁННЫХ МЕДЫКАЎ ПАПАЎНЕННЕ

1=Актавая зала Цэнтральнай раённай бальніцы была запоўнена маладымі людзьмі ў белых  халатах. Учарашнія студэнты і навучэнцы вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, сёння гэтыя хлопцы і дзяўчаты з’яўляюцца паўнапраўнымі ўрачамі, фельчарамі, медсёстрамі.

Па традыцыі ў гэтыя дні на Сенненшчыне ладзяцца сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета папоўнілі працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў. Для моладзі гэта добрая магчымасць не толькі пазнаёміцца з рэгіёнам, дзе належыць працаваць і жыць, але і ўзняць хвалюючыя пытанні, быць пачутымі раённай уладай.
На знаёмства з маладымі медыкамі ў ЦРБ завіталі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Вольга Бозыр, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Бярговіна, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Марына Наваковіч, прадстаўнік ЦБУ №218 ААТ «Беларусбанк» Алег Латышаў. Гэтыя асобы былі запрошаны невыпадкова. У сферы іх дзейнасці знаходзіцца кола пытанняў, што ў першую чаргу хвалююць маладых спецыялістаў, пачынаючы ад ільготных крэдытаў і заканчваючы тым, дзе і як можна правесці свой вольны час.
З першых хвілін Зоя Фаміна нацэліла прысутных на шчырую і даверлівую размову. Прадстаўнік раённай улады распавяла пра рэгіён, спыніўшыся на аспектах сацыяльнай сферы, у якой непасрэдна заняты маладыя кадры. Зоя Сцяпанаўна накіравала моладзь на актыўны ўдзел у мерапрыемствах па дэмаграфічнай бяспецы, прапагандзе здаровага ладу жыцця, у рэалізацыі Дэкрэта №18, на супрацоўніцтва з ініцыятыўнымі групамі Беларускага Чырвонага Крыжа, якія дзейнічаюць у нашым раёне.
Але не толькі працай жыве моладзь Сенненшчыны. У графіку маладых медыкаў абавязкова з’явяцца і творчыя конкурсы, і спартыўныя спаборніцтвы, паабяцала Марына Наваковіч. Дарэчы, пераважная большасць маладых спецыялістаў уваходзіць у БРСМ.
Цікавіліся юнакі і дзяўчаты паслугамі Беларусбанка, у прыватнасці, крэдытамі, якія ўстанова прадастаўляе для моладзі. Алег Латышаў расказаў пра ўжо існуючыя, а таксама пра новую серыю моладзевых крэдытаў, якую банк запускае ў жніўні.
Наказ на дарослае прафесійнае жыццё новае пакаленне медыкаў атрымала ад ветэрана райбальніцы Паліны Гендзік. 50 гадоў назад яна пераступіла парог медыцынскай установы і некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця аддала педыятрычнай справе. Паліна Аляксандраўна прызналася, што можа не пазнаць чалавека ў твар, але абавязкова памятае, чым ён хварэў у дзяцінстве. За час практыкі шмат чаго было — і журботнага, і радаснага. Сваім маладым калегам Паліна Гендзік пажадала аптымізму і быць больш лаяльнымі і добразычлівымі ў адносінах да пацыентаў.
На памяць аб сустрэчы маладыя людзі атрымалі ў падарунак ад намесніка старшыні райвыканкама нагрудныя значкі з выявай герба Сянна.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: галоўрач ЦРБ Ігар Мізаўцоў з маладымі калегамі.

У раён сёлета прыбыло 19 медыкаў, у тым ліку 10 урачоў. Фельчарамі абзавяліся Нямойтаўскі, Цыпкаўскі, Алексініцкі ФАПы. 10 чалавек прыехалі на Сенненшчыну з іншых рэгіёнаў — Віцебска, Лёзна, Гарадоцкага і Міёрскага раёнаў.