Наперадзе толькі фінал

ФКБалельшчыкі сенненскага «Камунальніка» паслязаўтра могуць трымаць кулакі на ўдачу. У гэтую нядзелю на стадыёне ў Гарадку адбудзецца фінал Кубка Віцебскай вобласці па футболе, у рамках якога наш футбольны клуб сустрэнецца з віцебскім “Газавіком”.

Выхад у фінальную стадыю сенненцам забяспечыла перамога над ФК “Полацкгаз”. Гульня з палачанамі прайшла ў мінулыя выхадныя на гарадскім стадыёне ва ўмовах анамальнай спякоты.

Ужо ў першым тайме ініцыятыву на полі захапілі гаспадары. Аднак спробы прабіць па варотах не мелі поспеху. Галявой стала 58-ая хвіліна матча. Першы мяч у вароты саперніка с другога разу адправіў Дзмірый Адзіночанка. Палачане паспрабавалі зраўняць лік, але абарона сенненцаў спрацавала зладжана і безпамылкова. Гульцы “Полацкгаз” так і не стварылі ля варот “Камунальніка” па-сапраўднаму галявых момантаў.

Канчатковы лёс паядынка вырашыла пенальці, прызначанае суддзёй за грубую гульню з боку абаронцы палачан у дачыненні да нашага футбаліста. Адзінаццацімятровы ўдар бездакорна рэалізаваў Юрый Осіпаў. У выніку упэўненая перамога з лікам 2:0 і фінал, які, спадзяёмся, стане для нашых хлопцаў таксама пераможным.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: моманты гульні з ФК “Полацкгаз”.

Фота ўзята са старонцы групы ФК “Сенно” у сацыяльнай сетцы Вконтакте.