Дапамогу на сёлетнім жніве шэрагу сельгасарганізацый Сенненшчыны аказваюць школьнікі

3   Сельскагаспадарчыя атрады, створаныя па ініцыятыве райкама ГА «БРСМ» з ліку навучэнцаў і студэнцкай моладзі, працуюць у СУП «Cаўгас імя Машэрава», ААТ «Сінягорскае», Віцебскай доследна-меліярацыйнай станцыі (ВДМС). Да таго ж ва ўборачнай кампаніі задзейнічаны і маладыя людзі, якія працаўладкаваліся ў індывідуальным парадку.

Падчас візіту ў ВДМС мы засталі юных памочнікаў на зернетаку за часовым адпачынкам, які, аднак, аказаўся надта кароткім. Праз некалькі хвілін да варот пад’ехаў грузавік.  Машыну неабходна было даверху загрузіць зернем. Хуценька падхапіўшыся, падлеткі дружна ўзяліся за лапаты. Справа гэта пыльная, ды і ў фізічным плане лёгкай яе не назавеш, але на загарэлых тварах юнакоў і дзяўчат чыталася задавальненне.

У складзе атрада налічваецца 19 чалавек. Большасць з іх — вучні Багданаўскай школы. Яшчэ трое прыязджаюць на працу з райцэнтра. Работа арганізавана ў дзве змены. З аднолькавым спрытам шчыруюць і хлопцы, і дзяўчаты. У абавязкі юных памочнікаў уваходзяць уборка тэрыторыі на зернетаках, падшуфлёўка зерня, пагрузка яго на машыны і разраўноўванне.

Для некаторых падлеткаў гэты працоўны вопыт стаў першым у жыцці. Але ёсць у атрадзе і свае «старажылы». Для 15-гадовай Дануты Гарбачовай з аграгарадка Багданава сёлетняе жніво ўжо чацвёртае па ліку. Дзяўчынка скончыла 9 класаў, збіраецца ў дзясяты. Заробленыя грошы якраз пойдуць на падрыхтоўку да школы, прызнаецца Данута. Дарэчы, сваю першую зарплату, каля 800 тысяч рублёў, юная багданаўка атрымала за працу ў чэрвені на відавой праполцы зерневых культур. Кіраўніцтва ВДМС стараецца не крыўдзіць сваіх юных памочнікаў у аплаце. Акрамя таго, для членаў атрадаў прадугледжаны льготы пры падаткаабкладанні.

Тым не менш, адзначае Марына Наваковіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ», летась гаспадаркі куды ахвотней бралі на працу падлеткаў. Сёлета шэраг арганізацый увогуле адмовіўся ад юных памочнікаў. І гэта пры тым, што ў такі гарачы час лішніх рук, як вядома, не бывае.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.