Да дня будаўніка. Людзі вечнай прафесіі

kuoutot  Прафесія будаўніка адна з самых старажытных і запатрабаваных на зямлі. Чалавеку патрэбна жыллё, аб’екты сацыяльнай сферы, іншыя будынкі і збудаванні. Усе іх узводзяць працаўнікі розных спецыяльнасцей, аб’яднаных важкім словам «будаўнік».

І хаця так склалася, што ў нашым горадзе і раёне ўласна будаўнічых прадпрыемстваў на даны момант няма, людзі гэтай вечнай прафесіі знайшлі прымяненне сваім ведам і ўменням у іншых арганізацыях. Адна з іх — Сенненскае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, куды пасля ліквідацыі УП «Сяннобудмеліяводгас» прыйшлі працаваць многія яго работнікі. Жылкамунгасу без будаў­нікоў таксама не абысціся, бо адна з функцыянальных задач ЖКГ— утрыманне жыллёвага фонду ў гора­дзе і раёне.

У «дзясятцы», як у народзе называлі будмеліяводгас (а раней ПМК-10), працавалі і маляр-тынкоўшчык Канстанцін Дубайскі і цясляр Іван Камінскі, якія сёння заняты на работах па капітальным рамонце жылога дома №26 па вул.Лермантава ў г.п.Багушэўску.

Лёс прывёў хлопцаў у Сянно з іншых куткоў Беларусі. Канстанцін раней жыў у Пінску, дзе скончыў прафтэхвучылішча будаўнікоў і працаваў па атрыманай спецыяльнасці. Іван прыехаў з Шаркаўшчыны, а першую сваю прафесію набыў у Лужаснянскім каледжы. Але працаваць ветурачом не плануе. Зарплата, якую атрымлівае ў ЖКГ, задавальняе, калектыў — таксама. А непасрэдны начальнік Дзмітрый Таненя — добры кіраўнік і сапраўдны прафесіянал.

Ад дабра дабра не шукаюць, як гаворыцца. Упэўніўся ў гэтым Іван Камінскі, калі, яшчэ да за­крыцця «дзясяткі», зволь­ніўся адтуль і ўладкаваўся ў сталічным упраўленні механізацыі №88 на будаў­ніцтве Полацкай ГЭС. Але неўзабаве вярнуўся, цяпер ужо ў жыллёва-камунальную гаспадарку. Шукаць «іншых» грошай ад’язджаў «на Маскву» і Канстанцін Дубайскі. Цяпер вырашыў, што больш не паедзе: хочацца жыць дома, разам з сям’ёй. У абодвух герояў нашага аповеду падрастаюць сыны, яны патрабуюць бацькоўскай увагі. А жонкі, якія, дарэчы, і «перацягнулі» ў свой родны горад суджаных, ствараюць цеплыню і ўтульнасць дамашняга ачага.

 

 Таццяна Буракова.