На Сенненшчыне рыхтуюцца да галоўнага старту

OLYMPUS DIGITAL CAMERA  Сухое і спякотнае надвор’е паскарае выспяванне зерневых і зернебабовых культур. І, на жаль, змяншае шанцы на запланаваны ўраджай. А таму ў гэтых умовах вельмі важна своечасова адрамантаваць, падрыхтаваць да жніва зернеўборачную тэхніку, зернесушыльныя комплексы.

         На балансе ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах знаходзіцца 124 камбайны. Мяркуецца, што ўдзел ва ўборцы будуць прымаць 98 адзінак тэхнікі. Гэтай колькасцю зернеўборачных машын належыць убраць ўраджай з плошчы 27327 га: 20742 га — зерневых і зернебабовых культур, 3989 га — крыжакветных, 2596 га — насеннікаў шматгадовых траў. Забяспечанасць зернеўборачнымі камбайнамі ў цэлым па раёне складае 82,9 % ад нарматыўнай патрэбнасці. Нагрузка на адзін камбайн складае 279 га. Самая высокая яна ў ААТ «Літусава» — 396 га, УП «Дружбінец» — 384. Больш трохсот гектараў уборачнай плошчы прыпадае на адзінку тэхнікі ў ААТ «Белая Ліпа», «Сенненскі райаграсэрвіс».

         Такая высокая нагрузка тлумачыцца тым, што 7 зернеўборачных камбайнаў (пераважна Ліда 1300) пераабсталявана пад касаві­цу траў, адна машына (КЗС-7) знаходзіцца на рамонце на ААТ «Гомсельмаш». У 16 камбайнаў дэфарміраваны корпусы малацілкі, а таму яны не падлягаюць аднаўленню і рамонту, у 2 — патрэбны рамонт рухавікоў. Але кошт работ даволі высокі і не па кішэні сельгасвытворцам.

         Гатоўнасць тых камбайнаў, што будуць прымаць удзел у жніве, невысокая. Большасць механізатараў, якія сядуць за штурвал машын, яшчэ занята на іншых работах. Да таго ж многія сельгасарганізацыі адчуваюць сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Для завяршэння рамонту, для стварэння неабходнага рэзерву запасных частак, вузлоў і агрэгатаў неабходна 2566 млн рублёў, на рамонт зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — 1718 млн рублёў. Усяго ў раёне маецца 31 комплекс, 4 мабільныя і 21 напольная сушылкі. Іх гатоўнасць таксама невысокая.

Безумоўна, ход жніва ў многім залежыць ад арганізацыі адвозкі зерня з поля. У сельгасарганізацыях раёна для гэтага маецца 62 МАЗы. Будуць выкарыстоўвацца прыстасаваныя трактарныя прычэпы ПСТ-6, транспарт прамысловых прадпрыемстваў.

З пачаткам жніва хлебаробам давядзецца араць, рыхтаваць глебу, весці сяўбу азімых культур. А гэта азначае, што спатрэбяцца ўсе наяўныя трактары. На жаль, многія з іх стаяць на машынных дварах без рухавікоў. 24 з іх адрамантаваны. Аднак сродкаў, каб выкупіць іх на спецыялізаваных прадпрыемствах, у гаспадарак няма. Патрэбны грошы і на каробкі перамены перадач. Калі неад­кладна не выкупіць усе гэтыя вузлы, то нават з улікам набыцця сёлета на ўмовах доўгатэрміновага крэдыту 31 адзінкі трактароў «Беларус» рознай мадыфікацыі, 7 МАЗаў грузападымальнасцю 20 тон, праблем з пачаткам масавых палявых работ не пазбегнуць. Тым больш, што новага паступлення зернеўборачных камбайнаў, кормаўборачных комплексаў сёлета не чакаецца. Фінансавы стан сельгасарганізацый не дазваляе набываць іх.

Такая вось няпростая эканамічная сітуацыя. А яшчэ яна няпростая ў псіхалагічным плане для лю­дзей, якія працуюць у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Ні кіраўнікі, ні спецыялісты, ні тыя работнікі, што непасрэдна заняты ў полі і на фермах, ніяк не могуць зразумець — ад дзяржавы вялікай дапамогі чакаць не варта. Стаўку трэба рабіць на ўласныя сілы і магчымасці, зніжаючы затраты на вытворчасць зерня, малака і мяса, іншай прадукцыі, якая прынясе прыбытак.

 

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.