ЛЮДЗІ ЎРАТАВАЛІ БУСЛА, БУСЛІХА — БУСЛЯНЯТ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗ Ходцаў у Сянно на службовым аўтамабілі даставіў бусла Аляксандр Якубовіч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аб птушцы, якая паранілася аб правады лініі электраперадач, яму паведаміла Марына Рабцава, вядучы спецыяліст раённага суда. У выхадныя дні наведвалася да бацькоў у вёску.

Абследаванне, праведзенае ўрачом гарадской лячэбніцы раённай ветстанцыі не выявіла пералому. Птушка проста траўміравала крыло і з часам рухальныя функцыі адновяцца самі па сабе, зрабіў вывад спецыяліст. А пакуль што бусел пасяліўся на прысядзібным участку галоўнага эколага раёна. Побач знаходзіцца невялікая балаціна, багатая на земнаводных. У новых умовах птушка даволі камфортна адчувае сябе, часам нават спрабуе станавіцца на крыло.
Не пакінулі параненага бусла без увагі і хадчане. Некаторы час ён утрымліваўся ў хлеўчуку Валерыя Драздова. Гаспадар узяў на сябе задачу па забеспячэнні бусла ежай: лавіў рыбу ў возеры, купляў у магазіне.
Не прападуць і малыя бусляняты. Як паведамілі жыхары Ходцаў, бусліха не доўга заставалася адзінокай. Літаральна праз дзень пасля ранення бусла ў яе гняздзе з’явіўся новы партнёр, які для птушанят стаў галоўным здабытчыкам кармоў.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: Валерый Драздоў і суседская дзяўчынка развітваюцца з параненым буслом.
Фота аўтара.