НАМЕЦІЛІ ПЕРСПЕКТЫВЫ, АДЗНАЧЫЛІ ЛЕПШЫХ

IMG_0209+У канцы мінулага тыдня ў актавай зале Сенненскага ПМС прайшоў традыцыйны ўрычысты сход, прысвечаны прафесійнаму святу меліяратараў.

У сваім выступленні перад калектывам, нягледзячы на святочную нагоду, дырэктар прадпрыемства Анатолій Гарбуз не хаваў сапраўднага стану спраў у арганізацыі. Адбылася шчырая размова пра агульныя для кіраўніцтва і падначаленых клопаты. Простай, даступнай мовай малады кіраўнік абмаляваў вынікі дзейнасці прадпрыемства, агучыў прычыны недапрацовак, якія звязаны не толькі з аб’ектыўнымі фактарамі.
Нягледзячы на тое, што план за мінулы год выкананы, трэба яшчэ шмат працаваць над змяншэннем сабекошту, адзначыў Анатолій Валер’евіч. А гэта значыць працаваць больш якасна, хутка і эканамічна. Каб прыцягнуць і зацікавіць заказчыка, трэба паказаць сябе надзейным партнёрам. Тым больш, што ў самы бліжэйшы час прыдзецца ў асноўным працаваць па дагаворах, на работах, не звязаных з меліярацыяй, бо, каб выжыць, трэба асвойваць новыя рынкі і новую вытворчасць. А пакуль што прадпрыемства, напрыклад, па аб’ёме падрадных работ знаходзіцца на 22-м месцы сярод меліярацыйных арганізацый вобласці. Каб павысіць вытворчыя паказчыкі, майстрам і рабочым трэба працаваць у адной звязцы, павышаць выканальніцкую дысцыпліну.
У прадпрыемства ёсць два віды грашовых сродкаў: заробленыя і ўзятыя ў доўг, зазначыў Анатолій Гарбуз. І калі прыходзіць час даўгі аддаваць, гэта, безумоўна, не лепшым чынам адбіваецца на становішчы вытворчасці і калектыву.
За пяць месяцаў бягучага года прадпрыемства спрацавала без страт. Але рэнтабельнасць склала толькі адзін працэнт. Таму, каб не згубіць набытае, нельга заспакойвацца і спыняцца на дасягнутым.
Меліяратары заўсёды былі і застаюцца працавітымі і паважанымі ў грамадстве людзьмі, зазначыў кіраўнік. «Асабіста я пастараюся зрабіць усё магчымае, каб захаваць калектыў, забяспечыць яго работай і зарплатай, падтрымаю і выслухаю кожнага. Але і вас прашу працаваць з поўнай аддачай», — падсумаваў сваё выступленне Анатолій Гарбуз.
IMG_0224+З планам меліярацыйных работ, якія чакаюць калектыў у бягучым годзе, пазнаёміў галоўны інжынер ПМС Сяргей Фарэйтараў. На працягу года за кошт фінансавання з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў будзе весціся тэхнічны догляд на меліярацыйных сістэмах раёна. За кошт абласнога бюджэту працягнуцца работы па рамонце меліярацыйнай сістэмы ў ААТ «Сінягорскае», меліярацыйнай сістэмы «Марозаўка», будаўніцтве — у ААТ «Белая Ліпа». Будуць весціся работы па рэканструкцыі.
Выступаючы перад калектывам меліяратараў, Сяргей Фарэйтараў таксама падкрэсліў, што для паспяховай работы прадпрыемства ў першую чаргу неабходны якасць, тэмпы, дысцыпліна.
На сходзе выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Хірэвіч, які зазначыў, што ў наш час лозунгамі і заклікамі справа не робіцца. Патрэбна канкрэтная, мэтанакіраваная работа на дасягненне станоўчага выніку. Менавіта дзякуючы такой рабоце кіраўніка і спецыялістаў прадпрыемства, якія ўпарта шукалі аб’екты, дзе арганізацыя можа зарабіць грошы, удалося захаваць калектыў. «Лёс прадпрыемства ў вашых руках, — сказаў Леанід Міхайлавіч, звяртаючыся да меліяратараў. — Будзеце добра працаваць — будзеце запатрабаванымі». Прадстаўнік раённай улады павіншаваў калектыў ПМС з працоўным святам, пажадаў здароўя і поспехаў у працы.
З віншаваннямі да калег звярнуліся старшыня прафкама прадпрыемства Людміла Зеляня і галоўны бухгалтар Таццяна Кемпайнен.
Павіншавалі меліяратараў з прафесійным святам выхаванцы дзіцячага сада-ясляў №3 г.Сянно, які калісьці быў ведамаснай установай меліярацыйнай арганізацыі.
Адбылося ўзнагароджанне лепшых працаўнікоў. Ганаровыя граматы Сенненскага райвыканкама атрымалі электрагазазваршчык Эдуард Рыбчанка і вядучы бухгалтар прадпрыемства Ніна Васілёнак, райкама прафсаюза — слесар-электрык па рамонце электраабсталявання Андрэй Подраз, партрэт якога занесены на Дошку гонару КУП «Віцебскмеліяводгас». Ганаровымі граматамі галаўнога прадпрыемства ўзнагароджаны вядучы бухгалтар Ніна Васілёнак, вартаўнік Зінаіда Зеляня, інжынер-дыспетчар Вольга Бібіна, інжынер па падрыхтоўцы кадраў Жанна Казлова. Ганаровыя граматы прадпрыемства атрымалі 13 работнікаў ПМС.
На Дошку гонару УП «Сенненскае ПМС» занесены машыністы экскаватараў Леанід Трафімчук і Аляксандр Казлоў, вадзіцель аўтамабіля Алег Волкаў, мантажнік вонкавых трубаправодаў Аляксандр Барзоў, начальнік ПТА Юрый Бардуноў, начальнік гаража Генадзь Пагарэльскі.
Усе ўзнагароджаныя і занесеныя на Дошкі гонару атрымалі грашовыя прэміі згодна з загадам дырэктара УП «Сенненскае ПМС».
Таццяна Буракова.