З КАГОРТЫ НЕЗАМЕННЫХ

IMG_0078++Большая частка работнікаў Сенненскага ПМС працуе на прадпрыемстве звыш дзесяці гадоў. Адным з такіх «старажылаў» з’яўляецца Андрэй Подраз.

Амаль два дзесяцігоддзі працуе Андрэй Паўлавіч у меліярацыйнай арганізацыі слесарам-электрыкам па рамонце электраабсталявання.
Спецыяльнасць набыў у Гарадоцкім саўгасе-тэхнікуме. Два гады быў слесарам у ВЭГу, год — у сенненскай хлебапякарні. А працаваць хацелася электрыкам. Тым больш, што спецыяльнасць выбраў асэнсавана, бо работа гэта падабалася, яшчэ з дзяцінства шмат ведаў пра яе, таму што электрыкам, а потым і энергетыкам быў яго бацька Павел Фёдаравіч, які шмат гадоў адпрацаваў на маслазаводзе (як па прывычцы называюць карэнныя жыхары вытворчы цэх «Сенненскі»). Таму, калі аказалася вакантным месца электрыка ў меліярацыйнай арганізацыі, Андрэй Паўлавіч з ахвотай перайшоў туды.
Адміністрацыя ПМС цэніць работніка 5 разраду не толькі як адзінага электрыка, але і як майстра на ўсе рукі, якому даводзіцца выконваць шмат відаў работ. Акрамя таго, што Андрэй Паўлавіч адказвае за электраабсталяванне аўтамабіляў, станкоў, іншых машын і механізмаў,за электраправодку ў памяшканнях і на вуліцы, ён займаецца паяннем радыятараў, рамонтам і зарадкай акумулятараў, пафарбоўкай і іншымі справамі. А якую навагоднюю ілюмінацыю ўстройвае на адміністрацыйным будынку, ну проста заглядзенне!
Вельмі адказным, безадмоўным работнікам і высокім прафесіяналам называюць Подраза на прадпрыемстве. Калі б не спатрэбілася тэрмінова выйсці на работу — у выхадны, у час водпуску, у пазаўрочны час — на яго заўсёды можна разлічваць, адмовы не будзе.
І ў грамадскім жыцці прымае актыўны ўдзел. Нядаўна ўся сям’я Подразаў у складзе галавы сямейства, жонкі Аксаны Аляксандраўны і дзесяцігадовага сына Сцяпана, вучня другой школы райцэнтра, прымала ўдзел у раённым конкурсе маладых сямей.
На прадпрыемстве імкнуцца ўсяляк заахвоціць такога, можна сказаць, незаменнага працаўніка. Андрэй Паўлавіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі, грашовымі прэміямі, яго партрэт неаднаразова змяшчаўся на Дошцы гонару прадпрыемства, а сёлета будзе змешчаны на Дошцы гонару КУП «Віцебскмеліяводгас».
Прапаноўвалі вопытнаму электрыку і пасаду энергетыка. Але ён адмовіўся. «Пасады — гэта не маё, не маё — паперы пісаць, непасрэдная работа — вось гэта маё», — гаворыць Андрэй Паўлавіч.
А ў вольны ад работы час працуе разам з жонкай на дачы ў вёсцы Свечы, дзе стаіць бацькоўская хата Аксаны Аляксандраўны. Пасадзілі фруктовы сад, даглядаюць яго. Бо не можа сядзець без справы гэты сціплы, але незаменны на сваім рабочым месцы чалавек.
Таццяна Буракова.
На здымку: слесар-электрык па рамонце электраабсталявання 5 разраду А.П.Подраз.
Фота аўтара.