ЧАЛАВЕЧЫ ФАКТАР ВЫЗНАЧАЛЬНЫ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗа першыя тры тыдні мая валавая вытворчасць малака ў грамадскіх сельгасарганізацыях раёна павялічылася ў суткі больш чым на 20 тон. Летась за такі ж перыяд — на 18,5 тоны.

Яшчэ некалькі лічбаў, якія характарызуюць стан спраў у жывёлагадоўлі: на кругласутачным пашавым утрыманні знаходзяцца 9564 каровы, 4320 цялушак, што складае 48 % ад агульнай колькасці буйной рагатай жывёлы. Акрамя таго, 530 галоў дойнага статку ўтрымліваецца бязвыпасна на комплексе СУП «саўгас імя Машэрава» і 270 — ААТ «Бяленева».

— Жывёлу выгналі на пашу сёлета 28 красавіка — амаль на два тыдні пазней чым у 2014 годзе. Гэта не магло не адбіцца на вытворчых паказчыках. На канец красавіка мінулага года за суткі ў раёне надойвалі 99 тон малака. Сёлета — 91, — расказвае Таццяна Кудласевіч, начальнік аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу. На яе службовым УАЗіку мы кіруемся да гуртоў УП «Дружбінец». У сельгасарганізацыі адзін з самых высокіх сутачных надояў. У той жа час жывёлаводы прыкметна адстаюць ад мінулагодняга вытворчага графіку.
На пашу, дзе знаходзілася жывёла, што ўтрымліваецца на комплексе «Нямойта», мы прыехалі перад дзённай дойкай. Пастухі-даглядчыкі якраз адбівалі для выпасу новы загон. Яны ў сельгасарганізацыі працуюць па дагаворы. Умовы яго досыць жорсткія, умовы жыцця — спартанскія. Жыхары Столінскага раёна ўтрох выконваюць тую ж работу, што чацвёра штатных работнікаў. Жывуць фактычна ў будане. OLYMPUS DIGITAL CAMERAПа чарзе адлучаюцца на ферму, дзе можна прыняць душ, паспаць у больш камфортных умовах. За парушэнне тэхналогіі ўтрымання жывёлы, працоўнага распарадку, вытворчай дысцыпліны прадугледжана зніжэнне аплаты — на 50 %. Вольга Гардзюк, галоўны заатэхнік УП «Дружбінец», работай прыезджых задаволена. Ва ўсякім разе пакуль што.
— Думаю, што маё меркаванне не зменіцца і далей. Гэтыя людзі і летась у нас працавалі і прэтэнзій да іх работы мы не мелі, — упэўнена яна.
Даведка. Сёлета ў раёне доглядам дойных статкаў у грамадскіх сельгасарганізацыях займаюцца 38 часовых работнікаў, яшчэ 10 чалавек пасуць цялушак.
А вось да пастухоў фермы «Камуна» ў тэхнолагаў прэтэнзіі былі. Паша, на якой знаходзіліся каровы, была з’едзена ўшчэнт.
— Пераганяць жывёлу трэба было як мінімум гадзіну таму, — пракаменціравала сітуацыю Таццяна Кудласевіч. — А таму, вам, Вольга Мікалаеўна, трэба бываць ля гуртоў не толькі ў час дойкі, — прад’явіла яна прэтэнзіі калезе і пастухам.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAУвесь дойны статак УП «Дружбінец» выпасаецца на шматкампанентных пашах. Нават на закладзеных 5-6 гадоў таму травастой прыкметна адрозніваецца ад палеткаў, на якіх высявалася насенне адной-двух культур. У гаспадарцы наладжаны своечасовы догляд пашаў. Пасля страўлівання яны абавязкова падкошваюцца, барануюцца. Важна ашчадна ставіцца да травы, своечасова пераводзіць жывёлу ў новыя загоны. Тады паша паслужыць больш працяглы час. За гэта ў адказе галоўны заатэхнік і загадчык фермы. Зрэшты, як і за захаванне ўсяго тэхналагічнага працэсу, за вытворчасць у цэлым.
У важнасці для вытворчага працэсу добрай, збалансаванай пашы лёгка пераканацца на прыкладзе ўсё таго ж «Дружбінца». Самы вялікі надой маюць жывёлаводы МТФ «Забор’е». На шматкампанентнай пашы другога года выкарыстання сярэдні надой у суткі ад каровы ў гэтыя дні складае не менш 17 кілаграмаў. Зразумела, многае залежыць і ад людзей. Жывёлаводкі Алена Берашэвіч і Наталля Прыстаўка за суткі надойваюць ад 140 кароў 2400-2500 кілаграмаў малака.
— Нядаўна мы праводзілі маніторынг работы жывёлаводаў КУСГП імя Данукалава. Вывад адназначны — на большасці ферм кароў не дадойваюць, — не хавае Таццяна Кудласевіч.
Вытворчасць малака залежыць ад многіх фактараў: ад кармавой базы, ад наяўнасці вады, ад сістэмы аплаты працы. Але ў аснове ўсіх гэтых нюансаў — адносіны людзей да сваіх службовых абавязкаў, незалежна ад таго, якую яны пасаду займаюць.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: Таццяна Кудласевіч і Вольга Гардзюк — тэхнолагам заўжды ёсць што сказаць жывёлаводам; да вынікаў працы цікавасць праяўляюць усе; пастух Пеця са Столінскага раёна: «Мы прыехалі працаваць, каб зарабіць».
Фота аўтара.