ПАМЯЦЬ: АД СЭРЦА ДА СЭРЦА

14+Цэнтральная плошча Сянна даўно не бачыла столькі людзей. Але таму ёсць тлумачэнне — у мінулую суботу ў райцэнтры, як і ва ўсёй Беларусі, адзначалі 70-годдзе з Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, свята, памяць пра якое не згасне ніколі. Як заўважыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Васіль Чараднік, яна, памяць, «перадаецца з пакалення ў пакаленне, пераходзіць ад сэрца да сэрца, звязваючы ўсіх нас разам жывой ніццю любові да Айчыны».

Яшчэ да пачатку афіцыйных мерапрыемстваў у цэнтры горада пачалі сваю работу дзясяткі тэматычных пляцовак. Большасць з іх былі прысвечаны вайне. А «Вянок славы» складаўся з творчых работ народных майстроў, школьнікаў, музейных экспанатаў і выстаўкі зброі. Пляцоўка карысталася павышанай увагай у дзяцей. Традыцыйнымі для агульнараённых мерапрыемстваў сталі падворкі сельсаветаў. Для сельскай улады гэта магчымасць паказаць асаблівасці жыцця свайго рэгіёна, дасягненні мясцовых устаноў.
Вясновае сонечнае надвор’е, насычанасць дня разнастайнымі масавымі мерапрыемствамі, работа гандлю спрыялі падняццю тонуса ўдзельнікаў народнага гуляння. Афіцыйная частка свята распачалася толькі пасля таго, як на плошчы з’явіліся ветэраны вайны. Іх даставілі на спецыяльна абсталяваных аўтамабілях, размясцілі на імправізаванай сцэне, дзе знаходзіліся члены раённага выканаўчага камітэта.
Урачыстае шэсце, прысвечанае Дню Перамогі, распачала калона сцяганосцаў, якія трымалі ў руках штандары Рэспублікі Беларусь, Віцебскай вобласці і Сенненскага раёна. Адзін за другім перад трыбунай прайшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, асобнай калонай — лаўрэаты звання «Чалавек года Віцебшчыны». З 2009 года лаўрэатамі сталі чатырнаццаць сенненцаў.
Яркім фрагментам шэсця па плошчы стала з’яўленне на ёй аўтамабіляў з людзьмі, з бутафорскай зброяй у руках. Арганізатары свята імкнуліся тэатральнымі сродкамі перадаць пачатак вайны, эпізоды партызанскага жыцця, баявых і пасляваенных гадоў. 41 помнік і абеліск, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ўстаноўлены на Сенненшчыне. Да іх, да брацкіх магіл ляглі ў той дзень кветкі. Кіраўнік раёна Васіль Чараднік, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый усклалі іх да помнікаў у райцэнтры.
Нават праз 70 гадоў адкрываюцца новыя месцы пахаванняў, адкрываюцца новыя помнікі ў гонар герояў і ахвяр вайны. 5874 жыхары Сенненшчыны загінулі ў віхуры вайны. У памяць аб іх, у памяць аб гераізме, які прадэманстравалі савецкія воіны на сенненскай зямлі, у Дзень Перамогі ў райцэнтры ўрачыста адкрыты Курган Славы. У яго закладзена пасланне, адрасаванае нашчадкам, над якім працавалі школьнікі раёна. Заверана пасланне старшынёй райвыканкама. Капсулу дастануць праз 30 гадоў.
Перамога над фашысцкай Германіяй стала магчымай дзякуючы гераізму і мужнасці прадстаўнікоў усіх народаў Савецкага Саюза. У час мерапрыемстваў з нагоды 70-годдзя Перамогі былі зачытаны тэлеграмы, якія даслалі на адрас Сенненскага райвыканкама родзічы легендарных партызан-карачаеўцаў Кічы-Батыр Хаеркізава і Юнуса Каракетава, адміністрацыя Пясчанакопскага раёна Растоўскай вобласці. Гэты рэгіён Расійскай Федэрацыі нядаўна стаў пабрацімам Сенненшчыны.
У Дзень Перамогі ўзгадваюцца не толькі страты, трагічныя моманты. Сенненцы, для якіх вайна — гэта далёкая гісторыя, змаглі стаць удзельнікамі шматлікіх і разнастайных мерапрыемстваў. Людзі з захапленнем наглядалі за прызямленнем на плошчы спартсменаў-парашутыстаў, шмат жадаючых знайшлося, каб паглядзець на родную зямлю з вышыні палёта вінтакрылай машыны. Нехта аддаў перавагу канцэртнай праграме, адпачынку за сталом з сябрамі. Было чым заняцца дзецям і падлеткам, маладым і сталым. Святочныя мерапрыемствы завершыліся позна ўвечары забаўляльнымі праграмамі і яркім феерверкам.
Аляксандр ЛАЗЮК.
На здымках: у святочнай калоне актывісты БРСМ; ганаровыя госці — ветэраны;Васіль Чараднік закладвае капсулу з пасланнем нашчадкам; падчас адкрыцця Кургана Славы; ва ўрачыстым шэсці ўдзельнічае калектыў СШ № 2 г. Сянно; тэматычная пляцоўка Нямойтаўскага сельсавета «На прывале».
Фота аўтара.