Адпавядаць сусветным патрабаванням

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПрадукцыя вытворчага цэха «Сенненскі» Аршанскага малочнага камбіната заўжды вызначалася высокай якасцю, выдатным смакам. Нават зараз, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на сусветным рынку, яго сухое і згушчанае малако, сметанковае масла, іншая прадукцыя запатрабаваны не толькі беларускімі спажыўцамі.

Аднак патрабаванні да тэхналагічных параметраў вытворчасці, санітарных і ветэрынарных нарматываў растуць. Асабліва строгімі яны сталі пасля таго, як Беларусь увайшла ў Еўразійскі эканамічны саюз. На шчасце, кіраўніцтва прадпрыемства своечасова зарыентавалася і летась у цэху і вакол яго пачалося добраўпарадкаванне, заменена некаторае тэхналагічнае абсталяванне, выкананы будаўнічыя работы.
— Толькі на асфальтаванне патрачана 1 млрд 200 млн рублёў, на замену падлогі ў цэху — 850 млн, — расказвае аб расходах, панесеных у 2014 годзе, Аляксандр Ждановіч, начальнік цэха «Сенненскі».
Рамонт і афарбоўка паветравода абыйшлася ў 240 млн беларускіх рублёў. Металадэтэктар набывалі за еўрапейскую валюту. Валюта патрачана і на рамонт сушылкі, бо яго выконвалі чэшскія спецыялісты. Дарэчы, у цэху эксплуатуецца ўсё тое ж абсталяванне, што было ўстаноўлена на заводзе сухога малака ў 1974 годзе.
Працягваецца будаўніцтва павеці, пад якой разгружаюцца малакавозы. Летась на яе ўзвядзенне патрачана 1 млрд беларускіх рублёў. Работы працягваюцца сёлета.
— Зразумела, уласнага рахунку цэх не мае. Усе затраты на будаўнічыя работы, закупку абсталявання ўзяў на сябе Аршанскі МК, дзякуючы дырэктару прадпрыемства Юрыю Балоціну, — працягвае свой аповед Аляксандр Ждановіч.
Каля 80-90 тон малака ў суткі перапрацоўваецца сёння на абсталяванні цэха «Сенненскі». Сыравіна паступае не толькі з Сенненскага раёна, але і з Аршанскага, Дубровенскага. Праектная магутнасць дазваляе перапрацоўваць 100 тон прадукцыі за змену. Ці не праўда, прывабная перспектыва.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: так выглядае тэрыторыя завода зараз.