ЖЫЦЦЁВЫ ПРЫНЦЫП АНДРЭЯ РАЧОНКА

7+Цяжка нават уявіць наша сучаснае жыццё без сродкаў сувязі: інтэрнэта, тэлебачання, радыё. За якасцю іх трансляцыі стаіць работа супрацоўнікаў РУП «Белтэлекам».

Адзін з тых, хто займаецца пытаннямі абслугоўвання электрычнай сувяззю жыхароў раёна, — Андрэй Рачонак, электраманцёр лінейных збудаванняў электрасувязі Сенненскага вузла электрычнай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам». Уся яго працоўная дзейнасць, а гэта 22 гады, звязана з РВЭС, куды прыйшоў адразу пасля заканчэння Віцебскага радыётэхнічнага вучылішча.
Малады спецыяліст абслугоўваў паветраныя лініі сувязі: трэба было своечасова мяняць правады, драўляныя апоры…
— Цяпер засталіся толькі кабельныя, — расказвае Андрэй Рачонак. — Няма і праваднога радыё, яго замянілі іншыя прыёмнікі. З’явілася шмат новых тэхналогій атрымання інфармацыі. Кожны раз даводзіцца знаёміцца з навінкамі сучаснага абсталявання, а гэта вельмі цікава.
Андрэй Васільевіч штодня выязджае на выклікі сенненцаў для ліквідацыі непаладак, звязаных з тэлефоннай сувяззю, інтэрнэтам, трансляцыяй інтэрактыўнага і эфірнага тэлебачання ZALA, іх устаноўкай.
Андрэй Рачонак лічыць, што ў аснове паспяховай работы — дысцыпліна і працавітасць: «Кожны павінен прафесійна рабіць сваю справу. Калі знаходзішся на выкліку, трэба ўсё пераправерыць, каб абанент застаўся задаволены. А інакш нельга. Такі мой жыццёвы прынцып.»
У вольны час ён любіць фатаграфаваць. Перавагу аддае сямейным фотаздымкам, якія захоўваюць і нагадваюць цікавыя і незабыўныя сямейныя падзеі.
Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Рачонак, электраманцёр раённага вузла электрасувязі.
Фота Ірыны ХАСАНАВАЙ.