РОДАНАЧАЛЬНІЦА ДЫНАСТЫІ

IMG_0101+Аналізуючы шматгадовы вопыт зносін з людзьмі розных прафесій, прыходжу да высновы, што звычайна добрыя работнікі і спецыялісты атрымліваюцца з тых,   хто абраў сваю справу яшчэ ў дзяцінстве.

Менавіта ў школьныя гады прысвяціць сябе ахове здароўя людзей вырашыла загадчыца Яноўскай аптэкі Таццяна Архіпава. У тым, што гэты чалавек трапіў сапраўды на сваё месца, упэўнілася ўсяго за гадзіну знаходжання ў даверанай ёй установе.
Аб парадку і чысціні не буду і казаць: яны павінны быць у любой аптэцы. А ў Яноўскай да того ж панавала атмасфера нейкай незвычайнай добразычлівасці. Таццяна Аркадзьеўна, без перабольшвання, была ўвасабленнем дабрыні і гатоўнасці прыйсці на дапамогу. У пытаннях, якія загадчыца задавала наведвальнікам аптэкі, у яе прапановах адчуваліся сапраўдны прафесіяналізм і зацікаўленасць. Нават мужчыну, які хацеў набыць аптэчны тавар для патрэб рыбнай лоўлі, спрактыкаваны аптэкар знайшла, што параіць. Таццяна Аркадзьеўна спакойна і разважліва адказвала на тэлефонныя званкі, клапатліва і акуратна ўпакоўвала медыкаменты, набытыя наведвальнікамі. Па ўсім было бачна, што жанчына працуе з задавальненнем, укладваючы ў сваю работу часцінку душы…
А пачынаўся выбар прафесіі, расказвае Таццяна Архіпава, з выпадку, калі яшчэ школьніцай, параніўшы руку, трапіла на ФАП. Загадчыца медустановы, якая прайшла вайну і якую ўсе паважліва звалі Емяльянаўнай, хутка апрацавала і перавязала драпіну. А Таццяна ў гэты час аглядалася вакол, і ёй вельмі падабалася чысціня, белізна і парадак у памяшканні, заспакойвалі ўмелыя, упэўненыя рукі Емяльянаўны, яе добры, ласкавы голас. Тады дзяўчына вырашыла: «Я таксама буду дапамагаць людзям».
Пасля заканчэння васьмі класаў школы паступіла ў Магілёўскае медвучылішча на фармацэўтычнае аддзяленне (дзядзя, прафесар Віцебскага медыцынскага інстытута, параіў). Што гэта за спецыяльнасць, тады ўяўляла вельмі аддалена, ды і вучыцца аказалася няпроста. Аднак Таццяна не прывыкла адступаць перад цяжкасцямі.
У Яноўскай аптэцы працуе з 1981 года. Дарэчы, па яе слядах пайшла і дачка, якая працуе цяпер загадчыцай аптэкі ў г.п.Багушэўску. Пляменніца таксама вырашыла звязаць лёс з аптэчнай справай, вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце. Так што складваецца цэлая працоўная дынастыя.
З лістапада мінулага года Таццяна Архіпава «аформілася» на пенсію, але працягвае працаваць, і людзі ўдзячны ёй за гэта, бо разумеюць, што не так проста ў наш час знайсці замену вясковаму аптэкару, не вельмі жадаюць маладыя спецыялісты ехаць на сяло.
Таццяна Буракова.
На здымку: загадчыца Яноўскай аптэкі Таццяна Архіпава.
Фота аўтара.