САД НІНЫ АЛЕКСАНДРОВІЧ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAВырасціць сына, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва — вось тыя найважнейшыя справы, здзейсніць якія за сваё жыццё абавязаны кожны сапраўдны мужчына. Ніна Александровіч, цяпер жыхарка Віцебска, а некалі сенненка, мае ўласны дом у мікрараёне Заходні (перавезла бацькоўскі з вёскі), пасадзіла не проста дрэва — а цэлы сад. І не толькі на ўласным участку.

Яна займаецца вырошчваннем саджанцаў пладовых дрэў і рэалізуе іх насельніцтву. А значыць прыклала руку да закладкі саду не аднаго сенненца.
Любімай справе прысвечана дзесяць гадоў. Аграном па адукацыі апошнія гады працоўнай дзейнасці яна аддала абласной інспекцыі па насенняводстве каранціне і ахове раслін, дзе курыравала пладова-ягадныя пітомнікі.
— Тэарэтычных ведаў хапала, а вось жывога вопыту работы па вырошчванні, доглядзе саджанцаў не было. Каб яго набыць, узяла ў Сянне ўчастак зямлі для абслугоўвання дома, заклала невялікі пітомнік. Сама шчапіла спачатку дзічкі, потым гэтым стала займацца на падвоях. Паступова пачынала разумець, у якіх пітомніках дапускаюць памылкі. Мае прэтэнзіі сталі больш аргументаванымі, — успамінае сёння яна свае першыя крокі ў справе, якой працягвае займацца пасля выхаду на пенсію.
Пад пітомнік адведзены амаль увесь зямельны ўчастак. На ім вырошчваюцца саджанцы яблынь пятнаццаці гатункаў (ад ранніх да позніх), груш пяці гатункаў. Ёсць парэчка, маліна. Усе пасадкі апрацоўваюцца прэпаратамі супраць шкоднікаў і хвароб, падкормка праводзіцца мінеральнымі ўгнаеннямі. Пачынаецца работа ў пітомніку як толькі сыходзіць снег. Сёлета гэта здарылася яшчэ ў пачатку сакавіка.
— Каб вырасціць саджанец-адналетку яму трэба семдзесят разоў пакланіцца, — прыводзіць вядомы ўсім садаводам выраз Ніна Анатольеўна ў пацверджанне сваіх слоў. — Ад высадкі падвоя да акуліроўкі праходзіць год, каб прышчэпка вырасла — яшчэ паўтара спатрэбіцца.
Свае саджанцы Ніна Александровіч прадае кожную суботу на рынку. У іншыя дні іх выбраць можна непасрэдна ў пітомніку. Пры гэтым садавод нікому не адмаўляе ў падрабязных кансультацыях: як падрыхтаваць яму для пасадкі саджанцаў, калі правесці падкормку, апрацоўку дрэў.
У працы на ўчастку Ніне Александровіч сёння дапамагаюць дочкі і ўнукі. Менавіта для іх яна стараецца. І спадзяецца, што нехта з нашчадкаў усур’ёз захопіцца справай для сапраўдных мужчын.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.