СВЯТЫ СВЕТ УВАСКРАСЕННЯ

1+Хрысціяне-каталікі і праваслаўныя, якія карыстаюцца грыгарыянскім календаром, адзначылі Вялікдзень, свята, што нагадвае аб вялікай ахвяры, прынесенай Езусам Хрыстом дзеля выратавання ўсіх людзей.

З гэтай нагоды ў Капліцы Святой Тройцы ў Сянне прайшла ўрачыстая літургія. Правёў яе ксёндз Міхал Ермашкевіч, дарэчы, ураджэнец Сянна. Правёў — на беларускай мове.
Служба, прысвечаная апошнім дням зямнога жыцця Езуса Хрыста, вялася апошнія некалькі дзён. У суботу і нядзелю вернікі ўпаміналі падзеі, якія засведчылі аб яго ўваскрасенні. Менавіта таму ў гэтыя дні яны вітаюць адзін аднаго воклічам «Хрыстос уваскрос — сапраўды ўваскрос!»
У сваёй прамове Міхал Ермашкевіч нагадаў, што Хрыстос прыняў смерць на крыжы і ўваскрос, каб падараваць людзям шанц жыць вечна, пазбавіўшыся грахоў. Аднак у сваім выбары чалавек свабодны. Бог, касцёл толькі працягваюць руку дапамогі.
На Вялікдзень сенненцы-каталікі моляцца супольна, сем’ямі. Вось і сёлета ў час кульмінацыйнага набажэнства, суботняй вігіліі, капліца была перапоўнена. Удзел у службе прымалі дзеці, падлеткі. І гэта дае надзею, што чалавецтва будзе жыць не толькі зямнымі клопатамі, але і адродзіцца да жыцця вечнага, духоўнага.
Наш кар.