У МАГАЗІН З ПІСТАЛЕТАМ У КІШЭНІ

_1_~1Першы раз жыхар Віцебска Міхаіл Азёрны (тут і далей прозвішчы і імёны зменены) быў асуджаны ў 15 гадоў. Тады ён атрымаў 3 гады і 2 месяцы пазбаўлення волі. Хлопцу пашанцавала, бо патрапіў пад амністыю, тэрмін быў зменшаны на 1 год. Яму б абдумацца, пачаць жыццё з чыстага ліста, ды дзе там. Працаваць не хацелася, вучыцца таксама. Турма стала для Міхаіла прафесійнай вучэльняй, галоўным універсітэтам, а яе насельнікі — самымі аўтарытэтнымі настаўнікамі. Кожны раз злачынствы, якія ён здзяйсняў,  станавіліся больш дзёрзкімі. Аб’ядноўвала іх хіба што карыслівая накіраванасць.

Пасля апошняй «ходкі» Міхаіл зноў басцяўся без справы, перабіваўся часовай працай, не цураўся «непрацоўных» грошай. Атрымаўшы іх, любіў наведацца да знаёмых. У вёску Варашылы, што непадалёк ад Багушэўска, ён прыехаў з сябрам.
Мікалай і Жанна Сухаравы прынялі іх цёпла. А чаму б і не? Віцебскія госці з’явіліся не з пустымі рукамі. Таму гарэлка лілася ракой увесь вечар. У канцы першай паловы наступнага дня выправіліся ў гарпасёлак — трэба было вяртацца ў Віцебск. Праводзіць пайшлі і Міхаіл з Жаннай. Віцябчане не пярэчылі. Развітанне, па меркаванні абодвух бакоў, павінна было прайсці гэтак жа цёпла, як і сустрэча. Таму віна купілі ў складчыну на апошнія. Калі выпілі, то стала зразумела — душа патрабуе працягу свята. Сухаравы завіталі да знаёмых, якім некалі пазычалі грошы, вярнулі доўг. Зноў пілі тут жа за магазінам. Ехаць у дызель-цягніку ўжо не хацелася, сталі шукаць больш камфартабельны транспарт. А калі заарэндаваць легкавік не атрымалася, Міхаіл Азёрны моўчкі дастаў пнеўматычны пісталет, красамоўна ўзвёў курок і паклаў зброю ў кішэню курткі…
Прадаўцы магазіна «Родны кут», што па вуліцы Шашэйная, адразу звярнулі ўвагу на незнаёмага хлопца. У першы свой візіт ён толькі прайшоўся па гандлёвай зале. Праз 5 хвілін зайшоў зноў. Узяў тры бутэлькі гарэлкі, ёмістасць з кока-колай, пайшоў да касы, дзе папрасіў пачак цыгарэт і пакет. Касір стала прабіваць пакупкі, а ён адступіў крыху назад, засунуў руку ва ўнутраную кішэню курткі і выцягнуў адтуль пісталет. «Гэта рабаванне, кладзіце ўсё ў сумку», — пачула Святлана Іванова. Чорны бліскучы ствол быў накіраваны ёй прама ў твар.
У магазіне на той момант знаходзілася тры прадаўцы. Разгубіліся не ўсе. Адна з жанчын паспела націснуць на трывожную кнопку, тая, што стаяла ля дзвярэй, спрабавала нават схапіць рабаўніка за руку, калі ён з пакункам бег да выхаду. Той грозна агрызнуўся і ў праёме дзвярэй стрэліў у падлогу.
У час следства Міхаіл Азёрны ўсяляк імкнуўся зменшыць сваю віну, на судзе не прызнаў сябе вінаватым. Маўляў, я нікога не рабаваў. Хацеў разлічыцца, як усе прыстойныя людзі, за тавар. Калі пад руку трапіўся пісталет, дастаў яго, жанчыны закрычалі. Ды і сам я спужаўся так, што выбег з магазіна, забыўшыся разлічыцца.
Толькі ў судовым працэсе яму не паверылі, бо бралі пад увагу не толькі яго сведчанні. Ацаніўшы паказанні пацярпелай, сведкаў, асобу падсуднага, даследаваўшы матэрыялы крымінальнай справы, суд палічыў даказанай віну Міхаіла Азёрнага ў пагрозе прымянення насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелай, каб завалодаць маёмасцю, іншымі словамі — у разбоі. Улічваючы, што падобнае злачынства падсудны здзейсніў паўторна, на падставе ч. 2 арт 207 Крымінальнага кодэкса Міхаіл Азёрны пазбаўлены волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі строгага рэжыму. У яго канфіскавана маёмасць. І гэта не адзіная матэрыяльная страта злачынцы. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды ён выплаціць пацярпелай 15 млн рублёў.
Людміла КАЦУРА, суддзя суда Сенненскага раёна.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ, супрацоўнік «ГС».