А ЗАРАЗ ПРА НАДВОР’Е…

1+++Так звычайна заканчваецца агляд бягучых навін на каналах нацыянальнага тэлерадыёвяшчання. І гэты заключны рэпартаж прыкоўвае ўвагу ўсіх без выключэння тэлегледачоў і радыёслухачоў незалежна ад узросту і роду заняткаў. Нішто так не цікавіць людзей, як прагноз надвор’я на заўтра, тыдзень, месяц…

Штогод 23 сакавіка па ініцыятыве Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі праводзіцца Сусветны дзень метэаралогіі. У гэты ж дзень спецыялісты гідраметэаралагічнай службы Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята.
Крыху гісторыі…
Метэаралагічныя назіранні на станцыі Сянно бяруць свой пачатак у 1887 годзе. Звесткі пра гэта змешчаны ў летапісе Беларускай галоўнай гідраметэаралагічнай абсерваторыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны работа на станцыі спынілася і аднавілася толькі ў 1944-м.
Яны ведаюць усё пра надвор’е
Метэаролагі назіраюць за атмасфернымі з’явамі, воблачнасцю, тэмпературай паветра, атмасферным ціскам, бачнасцю, хуткасцю і накірункамі ветру, вядуць аграметэаралагічныя назіранні, маніторынг радыяцыйнага фону. Раней сабраную інфармацыю перадавалі ў галоўны цэнтр гідраметэаралогіі па тэлетайпе. Цяпер гэта робяць праз электронную пошту. Даныя сіноптыкі расшыфроўваюць, наносяць на сінаптычныя карты, праводзяць разлікі, даследванні і складаюць прагноз.

Сучасная метэастанцыя г.Сянно аснашчана камп’ютарнай тэхнікай. З’явіліся і новыя прыборы для назірання за воблачнасцю, далёкасцю бачнасці, празрыстасці атмасферы, ветру. На пляцоўцы для назіранняў узвышаецца чаша ападкамера, у якой збіраецца дажджавая вільгаць. Выкарыстоўваюцца парограф, барометр, глебавыя і глыбінныя тэрмометры, гідрометры, іншыя прыборы. Паказанні з іх метэаролагі знімаюць праз кожныя 12 гадзін. А пры неабходнасці звесткі аб стане надвор’я абнаўляюцца штогадзінна. Інфармацыю спецыялісты фіксуюць у журнале ўліку, зашыфроўваюць і перадаюць у Гідраметэацэнтр для апрацоўкі.
З пастаўленымі задачамі прафесійна спраўляюцца работнікі Сенненскай метэастанцыі — начальнік Алена Барадзіна і тэхнік-аграметэаролаг Марына Вышынская. Галоўны вынік іх работы — прагнозы надвор’я на бліжэйшыя суткі, тыдзень.
Акрамя таго, метэастанцыя абслугоўвае многія арганізацыі, для якіх метэаралагічная зводка мае важнае значэнне: ДАІ, МНС, дарожныя службы, міліцыю, прадпрыемствы аграпрамысловага сектару. Увогуле ж зводку аб надвор’і можа заказаць любая арганізацыя.
Прагноз надвор’я ніколі не бывае
дакладным на 100%
Вельмі часта можна пачуць: «Вось, абяцалі дождж, а яго не было!». І пачынаюць абвінавачваць «прадказальнікаў» надвор’я.
Наогул, стапрацэнтнай дакладнасці прагнозаў быць не можа. Спраўджанасць кароткатэрміновых (на 1-3 сутак) прагнозаў тэмпературы хоць і даволі высокая, але не ідэальная — 96%, на тыдзень — працэнтаў 75. А ўсё астатняе — гаданне 50 на 50. Дакладнасць прагнозу ў большай ступені залежыць ад колькасці метэастанцый. Чым іх больш, тым вышэй спраўджанасць. Да таго ж, прагноз трэба ўважліва слухаць. Калі гаворыцца «месцамі», гэта якраз і азначае, што ападкі пройдуць непаўсюдна.
Сюрпрызы ад
надвор’я
Даводзілася сенненскім метэаролагам назіраць і незвычайныя прыродныя з’явы: зімой чулі навальніцу, бачылі «паўночнае ззянне». Здаралася і такое, калі ў райцэнтры прайшоў моцны дождж, якога, паводле сінаптычнай абстаноўкі, увогуле не павінна было быць. Ні адна мэтэастанцыя не зафіксавала верагоднасць выпадзення ападкаў.
Сёлетні сакавік — таксама анамалія. Паветраныя масы, якія паступалі з паўднёвага захаду Еўропы, забяспечылі анамальнае цяпло. Цёплым выдаўся і апошні месяц зімы. Сярэдняя тэмпература лютага склала каля -2°С, што на 6 градусаў цяплей звычайнага, але на 1 градус халадней леташняга лютага.
Увогуле зіма здзівіла тым, што скончылася на 38 дзён раней тэрмінаў. Снежнае покрыва цалкам сышло да канца лютага, хаця звычайна снег у нашых шыротах захоўваецца да канца сакавіка. Сёлетняя зіма ўвайшла ў чацвёрку найбольш цёплых зім за апошнія 30 гадоў.
Сакавік на поўначы Беларусі, як правіла, зімовы месяц. Але пачатак вясны таксама бывае с сюрпрызамі. Так у 1964 годзе, раніцай 7 сакавіка тэрмометры паказалі -29,7°С, а 25 сакавіка 2014-га аказаўся па-летняму цёплым — +19,1°С.
«У прыроды няма дрэннага надвор’я»
Дарэчы, прадказаць надвор’е можна і па знешніх прыродных прыкметах. Пра некаторыя з іх расказала начальнік Сенненскай метэастанцыі Алена Барадзіна.
— Калі зоркі туманяцца, ці вакол луны ўтвараюцца кольцы туману — значыць, будуць ападкі. Набліжэнне цяпла альбо холаду бачна па аблоках. Уперадзе халодных паветраных мас ідуць высока-кучавыя, пра надыход цёплых сведчаць перыстыя аблокі. А наогул, — упэўнена галоўны метэаролаг раёна, — у прыроды няма дрэннага надвор’я.
Ларыса
МУКАМОЛАВА.

 
НА ЗДЫМКУ: начальнік Сенненскай метэастанцыі Алена Барадзіна ў час метэаназірання.
Фота Ірыны Хасанавай.