ЗНАЙШЛА СЯБЕ Ў ПРАФЕСІІ

IMG_0011+Калі б сустрэла гэту дваццацігадовую дзяўчыну на вуліцы, ніколі б не падумала, што яна працуе намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце. А вось кіраўнік Яноўскай ДССШ Валянціна Буракова гаворыць, што ёй вельмі пашанцавала ў тым, што на вышэйназванай пасадзе працуе менавіта Таццяна Ефіменка.

Дзяўчына добра спявае, танцуе, мае неблагія акцёрскія задаткі. Дарэчы, многія бачылі Таццяну Ефіменка ў ролі вядучай раённага фестывалю дзіцячай творчасці «Ранішняя зорка». Нядаўна на сцэне Цэнтра культуры і народнай творчасці яна выступала ў групе падтрымкі аднаго з удзельнікаў конкурсу «Супер-мужчына». А жыхары аграгарадка Янова з прыемным здзіўленнем у час навагодніх святаў віталі ў сваіх дамах казачную Снягурку, якой таксама была Таццяна.
У школе дзяўчына працуе другі год, і за гэты час пры яе ўдзеле падрыхтавана больш за 50 мерапрыемстваў. Плённай рабоце спрыяе добрае супрацоўніцтва з педагогам-арганізатарам установы адукацыі Аляксандрам Бабковым, які дапамагае маладому спецыялісту і сам не саромецца штосьці пераймаць у яе. Такі творчы тандэм дае добрыя вынікі.
Але самае галоўнае, Таццяна Сяргееўна вельмі любіць дзяцей, таму і выбрала прафесію педагога. Пасля заканчэння 9 класаў агульнаадукацыйнай школы ўраджэнка Оршы паступіла ў мясцовы педкаледж, хаця маці настойвала на чыгуначным. Канешне, як кажуць, гэта былі б зусім іншыя грошы, але не памяняла на іх сваю мару дзяўчына. Каледж скончыла з адзнакай.
Пасля размеркавання ў Яноўскую ДССШ непрацяглы час працавала ў дзіцячым садку. Потым, прыгледзеўшыся да маладога педагога, ёй даручылі выкладаць англійскую мову ў 3-5 класах.
Ці застанецца Таццяна Ефіменка ў Яноўскай школе, пакажа час. Але пакідаць абраную прафесію яна дакладна не збіраецца: сёння дзяўчына — студэнтка 2-га курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава.
Таццяна Буракова.
На здымку: малады педагог Таццяна Ефіменка.
Фота аўтара.