САКАВІК ПАХНЕ ЮШКАЙ

1Заканчэнне зімы і надыход вясны ў Сянне адзначылі народнымі гуляннямі і спартыўным святам.

У апошні лютаўскі дзень на цэнтральнай плошчы і ў парку Трох Герояў, нягледзячы на пранізлівае і дажджлівае надвор’е, было ажыўлена. Свой удзел у раённай зімовай спартакіядзе сярод працоўных калектываў і сельскіх Саветаў заявілі 19 каманд, у тым ліку 13 — ад арганізацый і прадпрыемстваў і 6 — ад сельсаветаў.
Падтрымаць спартсменаў-аматараў прыйшлі таксама прадстаўнікі мясцовай улады. З прывітальным словам да іх звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга. У гонар набліжаючагася 70-годдзя Вялікай Перамогі прадстаўнікі каманд усклалі вянкі і кветкі да помніка Воіну-вызваліцелю.
Пасля сцэнічную пляцоўку занялі артысты мастацкай самадзейнасці раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яны цешылі сенненцаў сваімі песнямі і тэатралізаванымі пастаноўкамі, галоўнымі героямі якіх былі, канешне, Зіма-матухна і яе верны вартавы — Снегавік — і Вясна-красуня з дзяўчынкамі-вяснянкамі.
Тым часам на імправізаваных спартыўных аб’ектах было горача ад эмоцый удзельнікаў і балельшчыкаў. На танцавальнай пляцоўцы праходзілі спаборніцтвы па гіравым спорце, дартсе, перацягванні каната. Паводдаль размясцілася стрэльбішча, дзе ў трапнасці мераліся аматары пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі. А на паркавых алеях разбілі свае палявыя кухні ўдзельнікі конкурсу на самую смачную юшку. Пакуль вада булькатала ў кацялках, чысціліся бульба, морква, цыбуля і, канешне, галоўны інгрэдыент — свяжэйшая азёрная рыбка, — прахожыя з нецярпеннем чакалі пачатку дэгустацыі. Дарэчы, да яе некаторыя каманды падышлі адмыслова і прадставілі перад суддзямі цэлую прэзентацыю свайго кулінарнага вырабу. Так, супрацоўнікі ЦБП №218 г.Сянно ўпрыгожылі блюда сваімі рэкламнымі буклетамі, медработнікі расхвалілі лекавыя ўласцівасці сваёй юшкі, а прадстаўнікі Студзёнкаўскага сельсавета пачаставалі, акрамя таго, фаршыраваным шчупаком ды смажанымі плоткамі.
Маглі сенненцы ў той дзень паласавацца і шашлыком, які прапаноўвалі гандлёвыя палаткі райспажыўтаварыства. Ну, а для душы і ў якасці напаміну пра свята многія набывалі сувеніры ад раённага Дома рамёстваў.
Для падвядзення вынікаў спартакіяды на плошчы сабраліся ўсе каманды. У кожнай дысцыпліне былі выбраны і ўзнагароджаны пераможцы і прызёры. Сярод іх вылучаецца Святлана Баранок з Ходцаўскага сельсавета, якая стала не толькі адзінай прадстаўніцай прыгожай паловы ў спартыўных дысцыплінах, але нават абышла калег-мужчын, заняўшы першае месца ў дартсе. Адзначылі і самых паспяховых рыбаловаў па выніках конкурсу па падлёдным лове рыбы. У агульным жа заліку пераможны кубак спартакіяды атрымалі: сярод працоўных калектываў — каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях, сярод сельсаветаў — Машканскі. Самую смачную юшку прыгатавалі супрацоўнікі РЭСа. Заахвочвальным прызам адзначана і юшка «з сакрэтам» ад кухараў Багушэўскага спіртзавода.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.