Масленічныя гулянні на Сенненшчыне

1У суботу ў Багушэўску, а ў нядзелю ў Машканах мясцовыя жыхары і госці населеных пунктаў сталі ўдзельнікамі масленічных гулянняў.

Масленіца нашымі продкамі адзначаецца з найстаражытнейшых часоў. Яна ўваходзіла ў земляробчы каляндар і сімвалізавала абуджэнне прыроды: провады зімы і сустрэчу вясны. Згодна з хрысціянскімі канонамі Масленіцу адзначаюць напярэдадні вялікага посту. Але ва ўсе часы гулянне вызначалася сваёй шырынёй, дэманстрацыяй фізічнай сілы і спрыту, шчодрым ужываннем ежы і пітва.
0Не страчана цікавасць да Масленіцы і зараз. Ва ўсякім разе і ў Багушэўску, і ў Машканах сярод удзельнікаў разнастайных конкурсаў, гульняў было шмат маладых людзей. Адзначым арыгінальную рэжысуру Масленіцы, рэалізаваную ў аграгарадку. Яе аўтар — Ірына Ільюшэнка, дырэктар Сенненскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Студэнтка-завочніца 6 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў рыхтуецца да абароны дыпломнай работы на кафедры рэжысуры, абрадаў і народных святаў.
З самага ранку ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Машканскага СДК на конным картэжу праехалі па вуліцах вёскі, запрашаючы на свята. Па цэнтры населенага пункта прадэфіліравала тэатралізаванае шэсце. Удзел у ім прынялі фальклорныя калектывы, традыцыйныя персанажы Масленіцы. На свяце ў Машканах з’явіліся новыя асобы. Самая каларытная з іх — Сеня Сенненскі. Апошнім часам абагулены вобраз сенненца актыўна прапагандуецца на розных забаўляльных мерапрыемствах, і не толькі мясцовага ўзроўню.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAМасленіца даўно набыла ўстойлівыя формы, мае свае абрадавыя дзействы, гульні, песні. На прадстаўленні «Вітаем машканцаў» разам з імі выконваліся рэгіянальныя масленічныя песні. Агульнаславянскі абрад «Калода» трансфармаваўся ў сенненскую «Магеру». З яго дапамогай дзяўчаты імкнуліся наблізіць сваё замужжа. На машканскай Масленіцы ў гонар сонца і цяпла круцілі абруч і, нават, будзілі Мядзведзя, каб паскорыць прыход вясны. Сярод зімовых забаў асаблівай папулярнасцю карысталіся катанні на конях. Сёлета іх, праўда, давялося запрэгчы ў калёсы, ад чаго ахвочых пракаціцца не стала менш. Было як праявіць сябе моцным целам мужчынам. Яны мерыліся сілай у падняцці гіры, перацягванні канату, лезлі на слуп за прызамі.
У Машканах сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Сенненшчыны: «Макавея» Багушэўскага ДК, народны фальклорны ансамбль «Вечарынка», вакальныя групы Ходцаўскага і Машканскага СДК, Белаліпскага СК, клуб нацыянальнай кухні «Хадчаначка». OLYMPUS DIGITAL CAMERAАматараў танцавальных рытмаў аб’яднала пляцоўка побытавых танцаў, якую арганізавалі ўдзельнікі тэатралізаванага шэсця. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ігралі і выконвалі рэгіянальныя побытавыя танцы «На рэчаньку», «Падыспань», «Ходцаўская кадрыля», «Каробачка» і іншыя. Кожны калектыў удзельнічаў у конкурсе на лепшую масленічную ляльку. Цікавасць у гледачоў выклікала прэзентацыя. У ляльках з густам і фантазіяй майстры перадалі ўсе асаблівасці прыгажосці мясцовых жанчын. Машканцы і самадзейныя артысты з задавальненнем сталі ўдзельнікамі конкурсу «Смачны блінок».
У якасці арганізатараў Масленіцы ў Машканах выступілі мясцовы сельвыканкам і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Іх кіраўнікі Леанід Шаеў і Сяргей Мяцеліца ўручылі пераможцам конкурсаў прызы. Але самым галоўным і агульным прызам для ўсіх удзельнікаў Масленіцы стаў добры настрой, атрыманы на свяце.
2І яшчэ адзін немалаважны нюанс машканскай Масленіцы. Падчас яе правядзення шырока ўжывалася беларуская мова. На ёй праводзіліся конкурсы, ёй карысталіся вядучыя, масленічныя персанажы. Мова вельмі арганічна знітавалася з дзействам і ад таго свята, якое супала з пахмурным надвор’ем, здалося па-вясноваму светлым.
Аляксандр ІЎЕЎ.