Былых пажарных не бывае

1Ветэрана пажарнай службы Аляксандра Малчанава з 60-гадовым юбілеем павіншавалі  супрацоўнікі  Сенненскага  аддзела па надзвычайных сітуацыях (на здымку).

Сенненец Аляксандр Малчанаў 20 гадоў узначальваў інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду Сенненскага РАУС. Так называўся сённяшні раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у 1979 годзе, у той год, калі Аляксандр Леанідавіч прыйшоў на службу. Тады супрацоўнікаў дзяржпажнагляду загружалі больш задачамі па лініі РАУС: дзяжурствамі па райаддзелу, крымінальнымі аперацыямі. Калектыў быў вельмі згуртаваным: оперупаўнаважаныя, інспектары ДАІ і пажарнага нагляду дапамагалі адзін аднаму.
«Я быў інспектарам, кіраўніком тушэння пажараў, — працягвае размову юбіляр. — Выязджаў на пажары разам з нашымі байцамі. І хачу вам адно сказаць: нашы хлопцы на пажарах работалі па поўнай. Ніколі не было сорамна за іх. Памятаю выпадак, як разбураецца дом, палае ўсё, а мой начальнік каравула Уладзімір Хадзюкаў ходзіць па вільчаку (каньку) дома і ўсё адно змагаецца з агнём. Гэта, мабыць, асаблівасць жыхароў нашай Сенненшчыны — самаадданасць сваёй справе». Такіх прыкладаў мужнасці байцоў-пажарных Аляксандр Леанідавіч можа расказваць шмат. Незабыўнымі сталі ў яго памяці і масавыя пажары тарфяннікаў і лясоў за перыяд чэрвеня — верасня 1992 года ў колькасці 365 — столькі, колькі дзён у годзе.
Дарэчы, калі Аляксандр Малчанаў стаў начальнікам, сенненская інспекцыя дзяржпажнагляду некалькі разоў была пераможцай абласнога конкурсу па асвятленні пытанняў пажарнай бяспекі ў раённай газеце. Бралі колькасцю публікацый. Станавіліся прызерамі і на рэспубліцы.
У пачатку 90-х, у час цяжкіх гадоў перабудовы, адбывалася ваенізацыя, якая выпала на долю Аляксандра Малчанава. Народ чапляўся за кожную работу, пагаджаўся на любую вакансію. Папасці ў гарпасялковую і гарадскую прафесійныя пажарныя часці было сапраўдным выпрабаваннем для маладых людзей. У Багушэўску трэба было адабраць крыху больш за дваццаць чалавек, а прыходзіла ля трохсот, у Сянне — 40 з чатырохсот кандыдатаў. Ёсць меркаванне, што пажарны павінен быць толькі добра фізічна падрыхтаваным. Аляксандр Леанідавіч цалкам аспрэчвае гэтыя словы. Пажарны павінен валодаць самымі лепшымі якасцямі, якія могуць быць у чалавека: быць разумным, знаходлівым, кемлівым, узаемадапамагаць адзін аднаму, не кідаць таварыша ў бядзе і, безумоўна, быць фізічна моцным. Пры адборы сваіх байцоў такіх крытэрыяў начальнік інспекцыі дзяржпажнагляду Малчанаў і прытрымліваўся. Кантынгент быў падабраны добры, правераны. Як прыклад, Вячаслаў Карасікаў, які праз гады стаў начальнікам Сенненскага РАНС.
Той, хто кажа, што служба пажарнага-выратавальніка складаецца з таго, каб спаць 24 гадзіны ў суткі, той памыляецца. Гэта прафесія адказная і нервовая, упэўнены Аляксандр Малчанаў. Як толькі надышоў час ісці на заслужаны адпачынак па тэрміну службы наш герой не расстройваўся — надышла маральная стомленасць. На сваю пасаду начальніка сённяшні ветэран рыхтаваў працалюбівага і добрасумленнага Андрэя Хізаўца, кандыдатуру якога потым і зацвердзілі. Андрэй Леанідавіч некалькі гадоў узначальваў пажарную службу Сенненшчыны.
Пасля выхаду на пенсію па тэрміну службы адказнага і надзейнага Аляксандра Малчанава запрасілі працаваць начальнікам аховы аб’екта перапампоўваючай станцыі «Сянно». Яму даверылі і арганізацыю грамадскага жыцця станцыі, абраўшы старшынёй прафсаюзнага камітэта.

Акрамя таго, Аляксандр Леанідавіч з’яўляецца начальнікам добраахвотнай пажарнай дружыны ПС «Сянно». Трэніруе хлопцаў, якія некалькі гадоў запар абаранялі гонар Беларусі на спаборніцтвах па ДПД у Расіі, дзе былі на крок ад перамогі.
Сёння ж Аляксандр Малчанаў часта наведвае раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Супрацоўнікі РАНС заўсёды рады бачыць свайго вопытнага настаўніка і таварыша. Ён дапамагае ім парадамі і валанцерскай справай. У хуткім часе Аляксандр Леанідавіч плануе ўзяць пад свой кантроль ветэранскую арганізацыю Сенненскага РАНС, у склад якой уваходзяць каля 20 ветэранаў пажарнай службы. «Будзем лепшымі і тут», — падзяліўся аптымістычнымі думкамі ініцыятыўны юбіляр.
Ірына ХАСАНАВА.

Фота аўтара.