“Неспокойное хозяйство” супругов Савицких из Застенок
На жаль, варта канстатаваць, колькасць асабістых падсобных гаспадарак на Сенненшчыне скарачаецца. Так, летась утрымальнікаў свойскай жывёлы налічвалася 4648. За год іх колькасць скарацілася на 406 і на 1 студзеня сёлетняга года склала 4242. Толькі за апошніх шэсць гадоў колькасць падсобных гаспадарак зменшылася на 1022.
Сёння далёка не на кожным асабістым падворку знойдзеш карову, каня або авечак. Як паказвае практыка, прасцей і танней купіць малако, мяса ў магазіне, чым яго атрымліваць. Сяляне новай фармацыі ў лепшым выпадку трымаюць птушку. Але ўсё ж ёсць на Сенненшчыне сапраўдныя дбайныя гаспадары, якія не ўяўляюць сваё вясковае жыццё без жывёлагадоўлі.
Да прыкладу, Алег і Алена Савіцкія (на здымку) з вёскі Засценкі Багушэўскага сельсавета. Іх «неспакойную гаспадарку» складаюць чатыры дойныя каровы, пяць бычкоў на дарошчванні, свінні, конь, а дробную жыўнасць (птушку), дык і ўвогуле, не пералічыць. Акрамя таго, сужэнцы апрацоўваюць дзесяць гектараў зямлі. Клопатаў шмат, да таго ж у мужа і жонкі ёсць асноўная работа. Алег Аляксандравіч — паштальён у Багушэўскім аддзяленні паштовай сувязі, Алена Валер’еўна працуе санітаркай у адной з бальніц абласнога цэнтра.
Гаспадары прызнаюцца, магчыма, такое ім было б не па сіле, калі б не ўсебаковая падтрымка мясцовага сельгаспрадпрыемства імя Гараўца. «З якімі просьбамі не звяртаемся, ніколі не адмаўляюць, — гаворыць Алег Савіцкі. — Калі трэба, і тэхніку для апрацоўкі глебы выдзяляюць, і пашу…»
Частку малочнай прадукцыі (смятану, тварог) Савіцкія рэалізуюць у Віцебску. Натуральная, экалагічна чыстая «малочка» хутка раскупліваецца жыхарамі абласнога цэнтра. Акрамя таго, здаюць дзяржаве па 13 тон малака ў год, бычкоў і цёлачак прадаюць насельніцтву альбо ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, рэалізуюць іншыя лішкі прадукцыі падсобнай вытворчасці.
— Мы трымаем жывёлу не толькі для таго, каб палепшыць фінансавае становішча, — расказвае Алег Аляксандравіч. — Якая там матэрыяльная выгода! Гэта, перш за ўсё, цяжкая фізічная праца і вялікія затраты. Сена самі нарыхтоўваем, а вось камбікорм і фураж трэба закупляць. Але, калі не трымаць гаспадарку, чым яшчэ ў вёсцы можна займацца? Мы з дзяцінства прывучаны да сялянскай працы і атрымліваем маральнае задавальненне калі бачым вынікі сваёй работы. І на цяжкасці і будзёную аднастайнасць не звяртаем увагі. Проста ўжо не ўяўляем для сябе іншага ладу жыцця.
Алена Валер’еўна яўчэ запэўнівае, што вялікая гаспадарка — гэта спосаб падтрымліваць добрую фізічную форму. Паглыбляешся ў работу і значна паляпшаецца самаадчуванне. Вось такая сельская працатэрапія.
З даўніх часоў існавала меркаванне: калі на падворку ёсць карова, свінні, куры — значыць, у доме пануе дастатак. Зараз многія не жадаюць займацца асабістай гаспадаркай. Напрыклад, у тых жа Засценках у 2000 годзе налічвалася 97 кароў, а сёння па адной карове трымаюць толькі чатыры сям’і.
Той, хто любіць працаваць, ніколі не адмовіцца ад хатняй гаспадаркі, упэўнены мае субяседнікі. Іх дні праходзяць у штодзённай цяжкай фізічнай працы і клопатах. Напэўна, так ужо ўладкавана сялянская душа сужэнцаў Савіцкіх.
Ларыса МУКАМОЛАВА.