На пасяджэнні Беліцкага сельскага выканаўчага камітэта Сенненскага раёна падвялі вынікі работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, аб’ектаў сацыяльна-культурнага, бытавога і вытворчага прызначэння
Як адзначыў кіраўнік мясцовага органа ўлады Сяргей Галынчык, у пачатку года быў распрацаваны і зацверджаны рашэннем сельвыканкама адпаведны план.
Шмат зроблена на могілках вёсак Станюкі, Апечкі, Вялікая і Малая Пярэспы. Да работы па навядзенні парадку спрычыніліся людзі і тэхніка УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Дрэвы выпілоўвалі за сродкі сельвыканкама.
На тэрыторыі сельсавета добраўпарадкаваны фактычна ўсе помнікі, месцы пахавання савецкіх салдат і партызан. Толькі на рамонт абеліска над брацкай магілай у Латыгалі патрачана 20 млн рублёў бюджэтных сродкаў. У вёсцы праведзены і іншыя работы па добраўпарадкаванні. У прыватнасці знесены будынкі дзіцячага садка і праўлення калгаса «Ленінскі шлях». Работы праводзіліся з прыцягненнем тэхнікі, рабочых мясцовай сельгасарганізацыі і шэфаў — ПС «Сянно».
Не дадаюць прывабнасці населеным пунктам Беліцкага сельсавета кустарнікавая расліннасць, баршчэўнік Сасноўскага. На бліжэйшы час пастаўлена задача вынішчыць яе на палетках.
Знешні выгляд населеных пунктаў, экалагічны парадак у іх наваколлі ў значнай ступені залежаць ад грамадскай пазіцыі людзей, іх культуры. І тут для сельвыканкама, дэпутатаў, старэйшын — шырокае поле дзейнасці. Дакладчык, у прыватнасці, адзначыў, што насельніцтва ў сваёй большасці застаецца пасіўным нават пры правядзенні работ на могілках. Выключэннем хіба што стала пазіцыя былых жыхароў вёскі Чараўкі. Сёлета яны па ўласнай ініцыятыве арганізавалі і правялі на вясковых могілках суботнік. Выяўляюцца факты, калі насельніцтва адмаўляецца плаціць грошы за збор бытавога смецця.
Сярод насельніцтва трэба актыўней весці і растлумачальную работу, агітаваць на канкрэтных прыкладах. Тым больш што яны ў Беліцкім сельсавеце ёсць. У 2013 годзе пераможцам раённага конкурсу на лепшы вясковы падворак стала сям’я Будновых з Полымя, сёлета пра сябе заявілі Валуевы з Латыгаля, якім дастаўся другі прыз у конкурсе на лепшы сельскі моладзевы падворак.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Подробности в №91 за 25 ноября 2014 г.