Да 135-годдзя Багушэўска (працяг)

герб 1Час суму і журбы

У 1939 годзе ў Багушэўску жыло 569 яўрэяў. Перад вайной яны складалі 85% насель­ніцтва пасёлка.

Мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй 2 гады і 11,5 месяца (з 10 ліпеня 1941 года да 25 чэрвеня 1944 года). У час акупацыі яўрэяў прымусілі прыбіць на сцены сваіх дамоў шасціканечныя зоркі і жыць ва ўмовах гета.

Раніцай 5 верасня 1941 года, пасля начнога напа­дзення партызан на Багушэўск і разгрому нямецкага гарнізона, у пасёлак увайшоў карны атрад.

Жыхароў сагналі на плошчу. Некаторыя мужчыны былі толькі ў ніжняй бялізне. Праз перакладчыка гауптман аб’явіў, што за нападзенне на нямецкіх салдат будзе пакаранне. Партызаны павінны выйсці наперад і прызнацца ва ўчыненым, інакш будуць расстраляны ўсе мужчыны. Адзін з паліцаяў звярнуў увагу афіцэра на тое, што ў натоўпе шмат яўрэяў. Ім загадалі выйсці.

Яўрэяў адвялі на ўскраі­ну пасёлка. Калі людзі зразумелі, што пачынаецца забойства, пачалі разбягацца. Немцы з кулямёта расстралялі ўсіх, потым дабілі раненых. У гэтай «акцыі» (так гітлераўцы называлі масавыя забойствы) усяго было забіта 67 (87) чалавек. Яўрэйскіх дзяцей закапалі жывымі.

З акта ЧГК ад 26.06.1944 года: «Нямецкімі вылюдкамі 5.09.1941г. было па-зверску расстраляна больш за 70 яўрэяў і рускіх. Сярод расстраляных 10 грудных дзяцей».

У лютым 1942 года ў Багушэўску расстралялі 200 (600) чалавек, яўрэяў, рускіх, беларусаў.

Непасрэднымі арга­нізатарамі і кіраўнікамі масавых забойстваў у Багушэўску былі каменданты гауптман фон Ульбрахт і капітан Гарбарзак, яго намеснік капітан Бадэ, начальнік гестапа капітан Курт, начальнік жандармерыі оберлейтэнант Тэарнэ, начальнік карнага атрада лейтэнант Отта, камендант сельгаскамендатуры Бертольд, начальнік паліцыі Пашка Стук.

 Падрыхтавала

Таццяна Буракова.

  Матэрыял для падрыхтоўкі публікацыі прадаставіла галоўны захавальнік фондаў Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Браніслава ЖаЛтабрухава.