Каля паўсотні сенненцаў гэтай восенню адправяцца на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь
На Камсамольскай плошчы райцэнтра будучым салдатам ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны павесткі. У хуткім часе хлопцы папоўняць вайсковыя часці Мінска, Віцебска, Полацка, Гомеля, пасёлкаў Заслонава і Печы.
Па словах раённага ваеннага камісара Сяргея Пінчука, усе прызыўнікі прайшлі адпаведную дапрызыўную падрыхтоўку, вызначаюцца добрым станам здароўя і высокімі маральна-псіхалагічнымі якасцямі.
Уручаючы навабранцам павесткі, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай прызыўной камісіі Зоя Фаміна адзначыла, што абарона Айчыны заўсёды была і застаецца свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага яе грамадзяніна.
Здароўя і цвёрдасці духу пажадаў маладым людзям благачынны Сенненскага раёна, протаіерэй, айцец Мікалай. Святар блаславіў малітвай на воінскую справу і акрапіў будучых салдат святой вадой.
Адказнае слова трымаў Яўген Лазарэвіч. Ад імя ўсіх прызыўнікоў ён паабяцаў выконваць свой канстытуцыйны абавязак сумленна і годна несці імя воіна-сенненца.
14 лістапада першая партыя навабранцаў у колькасці 7 чалавек адправілася на прызыўныя пункты, каб уступіць у новы і вельмі важны этап свайго жыцця. Ужо вядома, што яны будуць накіраваны ў элітныя паветрана-дэсантныя войскі. Наступныя адпраўкі пройдуць да канца лістапада.
Ірына ХАСАНАВА.