Готовим автомобиль к зиме

 ГСКожны аўтааматар ведае, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, эксплуатуючы аўтамабіль зімой, і наколькі было б лягчэй, калі б падрыхтоўка машыны да зімы была праведзена загадзя. На што ў першую чаргу трэба звярнуць увагу, рыхтуючы свайго «жалезнага каня» да зімы, расказвае інжынер УП «Белтэхнагляд» на дыягнастычнай станцыі №211 г.Сянно Сяргей Краўчанка: 

—  Рыхтаваць машыну да зімы трэба загадзя, не чакаючы першых снегападаў і наледзі. А яшчэ лепш, правесці ў міжсезонне поўную дыягностыку.

У першую чаргу ў падрыхтоўцы да зімы мае патрэбу тармазная сістэма аўтамабіля, бо ад яе напрамую залежыць жыццё і здароўе не толькі вадзіцеля канкрэтнага аўто, але і іншых удзель­нікаў руху. Перад пачаткам зімовага сезону лепш замяніць тармазныя калодкі, нават калі яны не поўнасцю зношаны. Пры замене калодак асаблівую ўвагу трэба звярнуць на стан тармазных цыліндраў. Калі на іх бачны сляды тармазной вадкасці, то хутчэй за ўсё ў іх зношаны манжэты і зімой яны могуць пацекчы. Трэба памятаць, што тармазная вадкасць таксама мае патрэбу ў замене. Яе варта мяняць не радзей чым раз у 2 гады ці праз 40000 кіламетраў прабегу.

Рабіць ці не антыкаразійную апрацоўку — гэта асабісты выбар кожнага. Горш без яе машына ездзіць не стане. Але наш клімат і агрэсіўныя дарожныя рэагенты робяць сваю шкодную справу няўмольна і з палохаючай хуткасцю. Самы просты і эканамічны варыянт  — пакрыць паверхню кузава воскам ці масцікай.

Трэба таксама праверыць стан акумулятара. Калі батарэя абслугоўваемая, правяраем шчыльнасць электраліту. Яна павінна быць у межах 1.27-1.29. Калі акумулятар не абслугоўваемы, трэба замерыць нагрузачнай вілкай яго ёмістасць. Калі яна знізілася больш чым на 30%, значыць прыйшла пара замены.

Трэба своечасова мяняць акумулятар, бо ад яго працаздольнасці ў першую чаргу будзе залежыць запуск рухавіка ў халоднае надвор’е. Калі ўсё ж вырашылі зэканоміць на замене акумулятара, запасіцеся правадамі для «прыкурвання», хутчэй за ўсё яны не раз спатрэбяцца зімой.

Свечы запальвання таксама лепш паставіць новыя. Старыя, калі яны «не адкаталі» яшчэ сваё, не выкідвайце, яны могуць паслужыць у наступным цёплым сезоне.

Важнай часткай падрыхтоўкі машыны да зімы з’яўляецца замена масла і масленага фільтра. Як правіла, зімой рэкамендуецца выкарыстоўваць масла з паніжаным індэксам вязкасці. У моцны мароз лепш выкарыстоўваць масла «сінтэтыку».

У сістэме ахала­джэння рэкамендуецца поў­насцю замяніць  вадкасць, а калі аўтамабіль старэй за 5-7 гадоў, пажадана прамыць сістэму.

Ну і вядома, не варта зацягваць з заменай летняй рызіны на зімовую. Дарэчы, згодна з Указам №483 Прэзідэнта,  мяняць  рызіну на зімовую абавязкова.

Запісала  Таццяна Буракова.