На Сенненшчыне створаны спецбрыгады па прафілактыцы АЧС

АЧС  Прайшло пасяджэнне штаба па каардынацыі дзейнасці ўсіх зацікаўленых службаў, арандатараў паляўнічых угоддзяў па пытаннях прафілактыкі ўзнікнення і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Яго правёў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і  харчавання Леанід Хірэвіч.

Ён нагадаў, што асаблівую небяспеку распаўсю­джвання віруса тоіць прырода і яе прадстаўнікі — дзікія свінні. Справа ў тым, што гэта жывёла, якая з’яўляецца пераносчыкам афрыканскай чумы, мігрыруе на вялікую адлегласць. Таму стаіць задача яе поўнасцю знішчыць. У прыватнасці, у раёне створаны спецыяльныя брыгады, якія абследуюць лясныя масівы на наяўнасць дзікоў. Праводзіцца адстрэл жывёл.

Пра бяспеку асабістых падворкаў павінны паклапаціцца гаспадары. Варта строга выконваць рэкамендацыі работнікаў ветстанцыі, захоўваць элементарныя меры бяспекі. Нельга набываць і камбікармы сумніўнай якасці.

Для райсельгасхарчу і кіраўніцтва СУП «Саўгас імя Машэрава» галоўная задача — аднавіць свінагадоўчы комплекс. Плануецца да 1 лістапада бягучага года завесці пробную партыю свіней. А для гэтага трэба стварыць высокі ўзровень біялагічнай абароны свінакомплексу, дзе жорстка і няўхільна будуць захоўвацца ўсе ветэрынарна-санітарныя патрабаванні.

Сітуацыя павінна знаходзіцца пад пастаяннымі поўным кантролем, нацэліў удзельнікаў пасяджэння старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Чараднік.