З кастрычніка жыхары Сенненшчыны змогуць атрымліваць квітанцыі аб памеры платы за паслугі ЖКГ не толькі на звыклым папяровым носьбіце, але і ў электронным выглядзе

ГС Якія яшчэ новаўвядзенні прадугледжаны ў жыроўках новага фармату, карэспандэнту «ГС» расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вольга Лукашкова.

— 21 верасня гэтага года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2014 года №17 «Аб устанаўленні формы паведамлення пра памер платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем». Дакументам удасканалена форма паведамлення пра памер платы за паслугі ЖКГ і платы за карыстанне жылым памяшканнем. У прыватнасці, цяпер жыроўку можна бу­дзе атрымліваць па электроннай пошце. Для гэтага плацельшчыку неабходна напісаць заяву з указаннем адраса сваёй паштовай скрыні.

Адным з новаўвя­дзенняў у абноўленым паведамленні таксама з’яўляецца дакладнае размежаванне асноўных і дадатковых жыллёва-камунальных паслуг. Апошнія ўключаюцца ў паведамленне толькі пры ўмове заключэння дагавора на іх аказанне. Да такіх дадатковых паслуг адносіцца, да прыкладу, відэаназіранне.

У раздзеле «Дадатковая інфармацыя» прадугледжана абавязковая расшыфроўка іншых паслуг, кошт якіх, паводле акта выкананых работ, перавышае памер адной базавай велі­чыні, да прыкладу, паслугі санэпідэмстанцыі — дэ­зінфекцыя (знішчэнне насякомых), дэрацізацыя (знішчэнне грызуноў) і іншыя.

Для празрыстасці кошту жыллёва-камунальных паслуг у новай форме паведамлення будуць указвацца тарыфы (цэны), якія забяспечваюць поўнае пакрыцце эканамічна абгрунтаваных выдаткаў, і тарыфы, якія субсідзіруюцца дзяржавай.

 

Вольга БАНДАРЭВІЧ.