В аг.Пламя Белицкого сельсовета отметили сразу три Спаса

788878 Другі год запар аграгарадок Полымя  прымае гасцей на Яблычны Спас.   Можна з упэўненасцю казаць, што свята трывала «прапісалася» на Палымянскай зямлі.

Дзеянні праходзілі на прыгожа аздобленай пляцоўцы перад сельскім клубам. Гледачоў сабралося нямала, побач «ламіліся» сталы ад прысмакаў. Іх прыгатавалі гаспадары тэматычных святочных «падворкаў» з Сянна, Студзёнкі, Ходцаў, Багданава, Полымя.

Даў пачатак мерапрыемству сваім вітальным словам старшыня Беліцкага сельвыканкама Сяргей Галынчык. «Свята невыпадкова праходзіць у Полымі, бо наша зямля славіц­ца працалюбівымі хлебаробамі, дбайнымі гаспадарамі. У гэты дзень прынята падносіць дары прыроды родным, сябрам, знаёмым, а мы сёння падзелімся з вамі добрым настроем і сваёй гасціннасцю», — сказаў ён.

На свяце прысутнічала і намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.

 

Дзмітрыем, святаром Свята-Мікалаеўскага храма, прысутныя ўзнеслі малітву да Бога ў гонар свята Праабражэння Гасподняга, якое адзначалася ў гэты дзень. Пасля царкоўны служыцель акрапіў святой вадой прынесеную вяскоўцамі садавіну.

Вядучыя мерапрыемства пазнаёмілі гледачоў з народнымі традыцыямі святкавання кожнага з трох Спасаў.

Першы, Мядовы, адзначаўся 14 жніўня. З гэтага дня пчаляры ўпершыню макалі нож у мёд, які называлі «залатым бальзамам».  Для жыхара вёскі Папоўка Нямойтаўскага сельсавета Уладзіміра Дзегалевіча гэта свята, можна казаць, прафесійнае. Пчалярствам ён займаецца гадоў 15. На падворку трымае звыш 30 вулляў. Таму ў Полымя Уладзімір Віктаравіч прывёз свежы ліпавы ды рапсавы мёд. Побач з бацькам завіхаліся абодва сыны, дапамагалі распрадаваць «залаты бальзам». Старэйшы Сяргей і малодшы Алег таксама пазнаюць сакрэты пчалярскай справы.

Яшчэ адна назва першага Спаса — Макавы. У стравах, што падаваліся да стала ў гэты дзень, абавязкова прысутнічаў мак.

Аляксандр Васілёнак у вобразе Мядовіка, персанажа спасаўскіх гулянняў, шчодра абсыпаў гледачоў макавым зернем.

Вялікі Спас асабліва шанавалі ў народзе. У гэты дзень у храмах асвячалі яблыкі і іншыя плады. Толькі пасля гэтага дазвалялася ўжываць іх у ежу. Адсюль і народная назва свята — Яблычны.

Больш за 15 гатункаў беларускіх яблыкаў з уласных садоў выставілі на сваім «падворку» супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Трэці, Хлебны ці Арэхавы, Спас будзе адзначацца 29 жніўня. У народнай традыцыі ён супадае з заканчэннем жніва. У гэты дзень праводзілі дажынкі і пяклі пірагі з хлеба новага ўраджаю. Лічылася, што канчаткова даспелі арэхі.

Шырокі асартымент хлебабулачнай прадукцыі ад райспажыўтаварыства прапаноўваўся на свяце. Сенненскі хлеб любяць не толькі ў нашым раёне. Даспадобы ён і жыхарам абласнога цэнтра, Оршы, Чашнікаў, дзе таксама рэалізуецца прадукцыя, зробленая ў Сянне. А ўсё таму, што, як адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела прамысловасці Марыя Хвошч, тут імкнуцца рабіць якасны і смачны прадукт. У пацвярджэнне гэтага на «ўра» разыходзіліся сярод пакупнікоў і здобныя булачкі з макам і карыцай, і вялізныя караваі, і буханкі чорнага жытнёвага хлеба.

Аддалі на свяце даніну павагі і яшчэ аднаму багаццю Беларусі — льну. У народзе трэці Спас называюць яшчэ Палатняным. У гэты дзень дбайныя гаспадыні выносілі на зялёныя ўзгоркі сушыцца сатканыя палотны. А вось якую прыгажосць можна пашыць з гэтай тканіны, паказала калекцыя адзення з ільну, што зрабілі выхаванцы Сенненскай школы-інтэрната. У якасці мадэляў у дэфіле выступілі маленькія жыхары аграгарадка.

На працягу ўсяго свята на імправізаванай сцэне з песнямі ды прыпеўкамі выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці сельскіх устаноў культуры аграгарадкоў Ходцы, Студзёнка, Полымя, самадзейныя артысты з Сянна. Харэаграфічныя кампазіцыі прадставілі дзіцячыя калектывы Беліцкай сярэдняй школы-дзіцячага сада і раённага Дома культуры. Шчодра апладыравалі гледачы і маладым спявачкам — Анастасіі Малахавай, Ганне Васілёнак, Алене Сачнёвай.

Пасля канцэрта ўсіх прысутных запрасіў да сябе Спасаўскі кірмаш, на якім можна было набыць мёд, хлебабулачную прадукцыю, садавіну і гародніну, а таксама пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні ды папіць духмянай гарбаты на «Самаварнай паляне».

Вольга БАНДАРЭВІЧ.