Наступным летам кругласутачны валанцёрскі лагер «Юні¬ёр» зможа прыняць юных сенненцаў двойчы

ГСЯк расказала першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Марына Наваковіч, у 2015 годзе плануецца арганізаваць работу летніка ў дзве змены. Гэта дасць магчымасць ахапіць летняй занятасцю і адпачынкам большую колькасць дзяцей.

Штогод лагер, які арганізоўваецца раённым камітэтам ГА «БРСМ» сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх  РАУС, прымае дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Пераважную большасць адпачываючых складаюць так званыя цяжкія падлеткі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Сёлета адпачыць у «Юніёры» змаглі 30 школьнікаў з Сянна, Багушэўска, Ходцаў, Какоўчына. Усе дзевяць дзён, што падлеткі пражылі ў палатачным гарадку ў Багданаўскім бары, запомніліся разнастайнымі культурнымі і спартыўнымі мерапрыемствамі. У раскладзе знайшлося месца і працоўным будням. «Юніёрцы» былі заняты на відавой праполцы ў Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі.

Нават пасля закрыцця змены на старонку раённага камітэта ГА «БРСМ» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» працягвалі паступаць захапляльныя водгукі і падзякі ад тых, каму пашанцавала патрапіць у “Юніёр”. Менавіта яны і сталі падставай для прыняцця рашэння аб пашырэнні працы лагера ў наступным годзе.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.