Снапы са свежазжатай збажыны ўпрыгожылі службовыя кабінеты старшыні Сенненскага райвыканкама Васіля Чарадніка, начальніка райсельгасхарчу Леаніда Хірэвіча і дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» Іосіфа Свістунова. На Сенненшчыне жніво распачалі згодна з народнай традыцыяй — зажынкамі
Раённае мерапрыемства, арганізаванае і праведзенае спецыялістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і яго структурнымі фарміраваннямі прайшло на полі за вёскай Турава, куды сабраліся дэлегацыі з усіх сельгасарганізацый Сенненшчыны, кіраўнікі раённых службаў і прадпрыемстваў. Гараджане ў самыя напружаныя перыяды сельскагаспадарчых работ заўжды прыходзяць на дапамогу вяскоўцам.
Выступаючы перад удзельнікамі зажынак, Васіль Чараднік падкрэсліў, што такі склад запрошаных на зажынкі невыпадковы. Аснову эканомікі раёна складае вытворчасць сельгаспрадукцыі. «Будзе наладжана высокаэфектыўная вытворчасць у аграрным сектары, будуць стабільна працаваць іншыя арганізацыі раёна, — падкрэсліў ён. — А для пачатку трэба максімальна добра папрацаваць на жніве, каб убраць збожжа з мінімальнымі стратамі». Удачы, шчасця, дабрабыту, цярпення і сіл — гэтыя, па-чалавечы цёплыя словы, сталі заключнымі ў выступленні старшыні райвыканкама.
У час зажынак былі выкананы і іншыя абрадавыя дзеянні ў гонар хлеба, у падзяку зямлі і хлебаробам, што, як верылі нашы продкі, дапаможа ўбраць і зберагчы вырашчаны ўраджай. А святар Свята-Мікалаеўскага храма айцец Дзмітрый адслужыў набажэнства.
І ўсё ж у любой справе галоўнае залежыць ад чалавека, яго шчырай працы. Таму права сімвалічна распачаць жніво было даверана экіпажу Сяргея Сухвала ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», які летась стаў на жніве пераможцай двойчы: і сярод моладзі, і ў агульнараённым спаборніцтве. Першае зерне новага ўраджаю экіпаж перадаў таксама кіраўніку раёна. А ўдзельнікі зажынак змаглі адчуць і смак каравая, выпечанага з мукі новага ўраджаю.
Захаваць традыцыі продкаў, папрасіць божай дапамогі, пакланіцца хлебаробам за зробленую працу — безумоўна, вельмі важна і, нават, неабходна. Але сенненскія хлебаробы жывуць днём сённяшнім. І ўжо праз некаторы час удзельнікі жніва раз’язджаліся, каб весці жніво на палетках, дзе хлеб вырашчаны іх намаганнямі і працай.