У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту г.п. Багушэўск аднавілі традыцыю беларускіх вячорак
Духмяная, печаная ў вогнішчы бульбачка з соллю, сала з мяснымі ружовымі праслойкамі, жоўценькі свежазвараны сыр, пышныя бліны замест сушы ды піцы, песні пад гармонік замест дыскатэкі… Так нашы продкі бавілі рэдкую вольную часіну. У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту г.п. Багушэўск вырашылі аднавіць традыцыю вясковых пасядзелак і правялі свята «На прызбе», якое прымеркавалі да Года гасціннасці. На мерапрыемства арганізатары запрасілі пенсіянераў, інвалідаў, юных жыхароў і гасцей гарпасёлка. Святочная праграма была прасякнута нацыянальным каларытам.
Адкрыла яе выступленне інструментальнага ансамбля «Без білета» ў складзе Сяргея Чарнова і Віктара Стахоўскага. Эстафету пераняў фальклорны гурт Багушэўскага ДК «Макавея». У выкананні яго ўдзельніц прагучала нямала народных беларускіх песен.
Урачыстасці дзейству надаў верш «Завуць яе Белая Русь» мясцовай самадзейнай аўтаркі Раісы Мацюшкінай.
Не сядзелі ўбаку і запрошаныя. Вядучыя свята Лідзія Новак, настаўніца Багушэўскай СШ №1, і Кірыл Анкудовіч, вучань гэтай жа школы, падрыхтавалі для іх нямала конкурсаў. У выкананні прыпевак не было роўных Клаўдзіі Чарновай. Падчас танцавальнага конкурсу людзі старэйшага ўзросту прыгадалі танцы сваёй маладосці. Вучні Багушэўскай сярэдняй школы №1 запрасілі да ўдзелу ў старадаўняй беларускай гульні «Яшчур». Кожны змог праверыць свае веды ў віктарыне «Мая Беларусь».
Адкрыццямі для многіх месцічаў сталі факты пра родны Багушэўскі край, якія сабрала Надзея Кавалеўская. Жывучы ў Віцебску, яна доўгі час працавала інжынерам чыгуначнага транспарту, але краязнаўствам, этнаграфіяй цікавілася заўсёды. Сёння жанчына на пенсіі, а таму на малой радзіме, у Багушэўску, часты госць. Разам з удзельнікамі праекта «Трамвайчык жаданняў» Надзея Андрэеўна ездзіць па вёсках сельсавета і запісвае ўспаміны старажылаў. Так нарадзіўся краязнаўчы праект «Мая забытая радзіма».
Святочную атмасферу беларускай вечарынкі дапоўнілі нацыянальныя стравы, прыгатаваныя ўдзельнікамі мерапрыемства, баянныя найгрышы ў выкананні Аляксандра Шумарава, выступленні Наталлі Ільюшэнка, Канстанціна Бандарэнкі. Наступная сустрэча «На прызбе» прызначана на яблычны Спас.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.