У Машканскай школе пабывалі ўнучкі земляка машканцаў Героя Савецкага Саюза Івана Камінскага, Наталля і Алена і яго праўнукі Дар’я і Аляксандр.

ГСЯны вырашылі прые­хаць на радзіму  знакамітага продка, бо з расказаў яго жонкі і сваёй бабулі Тамары Іванаўны Камінскай, якой у снежні гэтага года споўніцца 90 гадоў, добра ведаюць як змагаўся з фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Іларыёнавіч.

Муж і жонка Камінскія раней часта прыяз­джалі ў суседнюю з Машканамі вёску Масоры да дваюраднай сястры героя Надзеі Загужэльскай. Госці расказалі, што Тамара Іванаўна вельмі цёпла ўспамінае Машканскі край, хацела і сама прыехаць разам з унукамі, але па стане здароўя не змагла. Яны таксама пабывалі на сядзібе Загужэльскіх, якія, на жаль, ужо памерлі.

Родным легендарнага лётчыка было вельмі прыемна, што на машканскай зямлі захоўваюць памяць пра іх дзядулю, што на прыкладзе яго гераічнага жыцця выхоўваюцца пакаленні юных машканцаў. Ля школы ўстаноўлены бюст Івана Камінскага, а ў школьным музеі баявой і працоўнай славы яму прысвечана адна з экспазіцый. Пасля экскурсіі па музеі ў кнізе водгукаў госці пакінулі запіс, у якім выказалі ўдзячнасць адміністрацыі школы і вучням за захаванне памяці пра іх дзядулю.

Даведка. Іван Іларыёнавіч Камінскі нарадзіўся ў 1919 годзе ў в.Масоры. Скончыў Машканскую сямігодку. У гады Вялікай Айчыннай вайны старшы лейтэнант Камінскі зрабіў 239 баявых вылетаў. Сфатаграфаваў каля 27 тысяч квадратных кіламетраў варожых абарончых збудаванняў і ваенных аб’ектаў. Быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

 Таццяна Каранеўская,

настаўніца

Машканскай ДССШ, кіраўнік школьнага краязнаўчага гуртка «Памяць».