На Сенненшчыне адзначылі галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці і 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі

1-07 013У райцэнтры ўдзельнікаў вайны, вязняў фашысцкіх канцлагераў запрасілі ў парк 40-годдзя Перамогі. Ветэранам — самыя ганаровыя месцы. На мера­прыемства прый­шлі шматлікія сен­ненцы, госці горада, моладзь. Перад імі выступіў старшыня Сенненскага раённага выканаўчага камітэта Ва­сіль Чараднік. Гаворачы пра дзень сённяшні, ён заўважыў: «3 ліпеня — трыадзінае пацверджанне гераізму і стойкасці нашага народа, яго волі да перамогі і жадання самастойна вызначаць сваю будучыню. Хай у мітусні гэтага святочнага дня кожны з нас спыніцца на хвіліну і задумаецца, якой цаной здабыта для нас гэта чыстае неба над галавой».

… У Сянно немцы прыйшлі ў пачатку ліпеня 1941 года. Некалькі разоў горад пераходзіў з рук у рукі.  6 — 10 ліпеня на Сенненшчыне адбываліся галоўныя падзеі наступлення Чырвонай Арміі, якое ўвайшло ў гісторыю як Лепельскі контрудар, як адна з буйнейшых танкавых бітваў Вялікай Айчыннай вайны. У ёй было задзейнічана, па меркаванні многіх гісторыкаў, больш за 2000 танкаў.

Не скарыліся сенненцы ў гады акупацыі. Яны змагаліся ў падполлі, партызанскіх атрадах. І неслі страты: расстраляныя, закатаваныя, спаленыя.

Яўген Гарбачоў, ура­джэнец вёскі Запруддзе, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ведае не па расказах: партызаніў у атра­дзе імя Суворава, пасля прыходу Чырвонай Араміі служыў у войску. Зараз Яўген Рыгоравіч, гвардыі палкоўнік запасу, жыве ў Расіі, у Растове-на-Доне. На ра­дзіму старшыня пярвічнай ветэранскай аргані­зацыі аднаго з растоўскіх прадпрыемстваў горада, прыязджае даволі часта. На гэты раз запрашэнне ён атрымаў ад Сенненскага раённага савета ветэранаў. Не адмовіўся па­дзяліцца сваімі ўспамінамі пра ваенную пару: «У Сянне стаялі немцы. Але іх улада заканчвалася ўжо ў Латыгалі. А на аэрадроме каля вёскі Старая Беліца прызямляліся савецкія самалёты».

Дарэчы, на тэрыторыі раёна дзейнічала 113 партызанскіх атрадаў.

Пра вайну ў той дзень гаварылі не толькі яе ўдзельнікі і афіцыйныя асобы. Для ўдзельнікаў святкавання  Дня незалежнасці на сцэне парка 40-годдзя Перамогі супрацоўнікі раённага Дома культуры, сама­дзейныя артысты, школьнікі наладзілі своеасаблівую рэканструкцыю падзей 1941—1944 гадоў, што адбываліся на Сенненшчыне. Музыка, песні, вершы, якія выкарыстоўваліся згодна са сцэнарыем мерапрыемства, таксама насілі тэматычны характар, пранікнёна гучалі з вуснаў людзей пасляваенных пакаленняў.

Аляксандр Гаравец, Сяргей Каваленка, Аляксей Мацюшаў, Аляксандр Пятаковіч, Іван Камінскі, Іван Тамашэўскі, Пётр Машэраў — Сенненшчына памятае сваіх сыноў.

Не забыты тыя Героі Савецкага Саюза, што загінулі пры вызваленні раёна ад фашыстаў.

А што ведаем мы пра сваіх родных, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны? Ці захоўваецца ў нашых сем’ях памяць пра тых, хто не вярнуўся з поля боя? Важныя пытанні, бо патрыятызм выхоўваецца не толькі ў дні святкавання юбілейных дат, знакавых падзей, у дзяржаўныя святы. Патрыятызм нараджаецца ў сям’і, замацоўваецца на генным узроўні сямейнай, нацыянальнай памяццю.

Зрэшты, у той дзень было і на што паглядзець. Дзеці, падлеткі з задавальненнем разглядалі «зброю Перамогі», выстаўку якой наладзіў раённы музей. Цікавасць выклікалі вырабы майстроў Дома рамёстваў. Тым больш што нараджэнне палатна, глінянага посуду можна было бачыць увачавідку.

Але самы масавы наплыў людзей у парк 40-годдзя Перамогі прыйшоўся на вячэрнюю пару. На пляцоўцы перад сцэнай, дзе давала канцэрт заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Святочны вечар завяршыўся агульным выкананнем Гімна краіны і святочным феерверкам

 

 

 

 

 

 

 

 

.