У дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Сянне, Багушэўску, усіх аграгарадках Сенненшчыны прайшла цырымонія ўскладання вянкоў да помнікаў, да месцаў пахавання салдат, партызан, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны
У райцэнтры ўрачыстасці пачаліся з мітынгу.
На цэнтральнай плошчы горада сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, у тым ліку Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». У гонар вызвалення Беларусі і вываду савецкіх войск з Афганістана былыя воіны-інтэрнацыяналісты арганізавалі аўтапрабег. Іх машыны прыбылі ў Сянно перад пачаткам мітынгу.
Яго адкрыў намеснік ваеннага камісара раёна, маёр Аляксандр Андрэеў, які нагадаў прысутным аб гадах акупацыі, аб подзвігу тых, хто здабываў перамогу. навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея Васіль Бандарэвіч паведаміў удзельнікам мітынгу аб некаторых малавядомых эпізодах аперацыі «Баграціён», што мелі месца на тэрыторыі раёна.
Слова атрымаў і Валерыян Мацкевіч, ініцыятар аўтапрабегу «Мы ўсе перад імі ў даўгу», кіраўнік абласной грамадскай арганізацыі афганцаў. Мітынг завершыўся ўскладаннем кветак, вянкоў да магіл і помнікаў абаронцаў Айчыны.
Леглі кветкі і да бронетранспарцёра, устаноўленага ў гонар тых сенненцаў, якія ўдзельнічалі ў вайне ў Афганістане. Госці наведаліся ў раённы музей, пазнаёміліся з экспанатамі ваеннай пары, якія нагадваюць аб Вялікай Айчыннай вайне.
Час няўмольна адсоўвае нас ад ваеннай пары. Погляды моладзі і салдат-пераможцаў на тыя падзеі не могуць супадаць. Але нязменнымі застаюцца ў прадстаўнікоў розных пакаленняў паняцці пра гонар, годнасць, патрыятызм, пра неабходнасць бараніць іх ад маральнай карозіі, захоўваць Радзіму — у цэласнасці і непарушнасці.