На выхадныя з Магілёва ў “Рыбнае” ўсёй сям’ёй

Сядзіба «Ля Лукамор'я» яшчэ ў будаўнічых  рыштаваннях.

Сядзіба «Ля Лукамор’я» яшчэ ў будаўнічых
рыштаваннях.

 На пачатку лета, згодна з інфармацыяй, атрыманай у інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Сенненскім раёне, на Сенненшчыне зарэгістравана 17 сельскіх сядзіб, якія аказваюць паслугі ў сферы адпачынку. І іх колькасць з году ў год павялічваецца. На Віцебшчыне за апошнія пяць гадоў яна вырасла ў пяць разоў.

  Сталі праяўляць інтарэс да бізнэсу фермеры, дзяржаўныя прадпрыемствы. У прыватнасці, ПУСГП «Дружбінец» прапануе адпачынак у двухпавярховым драўляным доме ля штучнага вадаёма. Сярод паслуг — прыгатаванне юшкі, шашлыку, арганізацыя палявання, рыбалкі, збору грыбоў і ягад.

Дзяржаўная палітыка накіравана на падтрымку аграэкатурызму. Прадпрымальныя людзі і прадпрыемствы маюць магчымасць атрымаць крэдыт на раз­віццё бізнэсу не толькі ў сельскай мясцовасці, а і ў невялікіх гарадах і пасёлках. Зацікаўлены ў развіцці сферы адпачынку мясцовыя ўлады, бо гэта стымулюе стварэнне новых рабочых месцаў, экалагічную культуру насельніцтва, эканамічны патэнцыял самых аддаленых населеных пунктаў. Нарэшце, служыць стварэнню станоўчага імі­джу рэгіёна не толькі ў краіне — ва ўсім свеце. Кожная аграсядзіба мае свой сайт у інтэрнэце.

Створаная распара­джэннем райвыканкама рабочая група на днях пабывала ў некаторых аграся­дзібах раёна, каб ацаніць узровень іх гатоўнасці да сезона масавага адпачынку.

Сельская сядзіба «Бярозкі» — гэта драўляная хата, якую Сяргей Пагарэльскі атрымаў у спадчыну ад бацькоў, лазня, альтанка. Пабудовы знахо­дзяцца на беразе возера. У бізнэсе гаспадар сядзібы і егер паляўнічай гаспадаркі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, адносна нядаўна. Але некаторы вопыт прыёму гасцей ён мае.

— Я ў сваёй дзейнасці арыентуюся пераважна на паляўнічых і аматараў рыбалкі. Патрабаванні да бытавых умоў гэтых людзей невысокія. Быў бы  дах над галавой, ложак, стол у хаце. Запатрабавана лазня, — расказвае Сяргей Пагарэльскі. Тым не менш да дома ён робіць прыбудову, што зробіць адпачынак гасцей  больш камфортным, працягваецца работа над паляпшэннем інтэр’еру існуючых памяшканняў.

Гаспадар «Бярозак» гатоў прымаць і пачынаючых аматараў-рыбаловаў, прадаставіць лодку, рыбалоўныя прылады, паказаць на возеры самыя ўлоўныя месцы. Не застануцца без дароў прыроды грыбнікі, ягаднікі. Навакольныя лясы багаты імі ўсё лета і восень.

Магіляўчане ў «Рыбным».

Магіляўчане ў «Рыбным».

У сялянскай сядзібе «Рыбнае» мы заспелі гасцей. Адпачывала тры сям’і з Магілёва — дарослыя і дзеці прыехалі на выхадныя. Папрасілі вытапіць лазню, прыгатавалі шашлыкі, вечарам пасядзелі ўсёй кампаніяй у альтанцы, ля каміна. На ранішняй зорцы мужчыны падаліся з вудамі на возера. Пазней да іх далучыліся жанчыны.

— Прывабнае месца. Мы даўно знаёмы, але напружаны рытм работы, паўсядзённыя клопаты не дазваляюць мець цесныя зносіны. У кватэры сабрацца разам — цеснавата, пайсці ў рэстаран — тлум. Задаволены сядзібай і дзеці. Ім таксама ёсць чым тут заняцца. Пра «Рыбнае» даведаліся з інтэрнэта. Падкупіў кошт паслуг, — не хавалі магіляўчане.

Не патрабуе асаблівай рэкламы сялянска-фермерская гаспадарка Аляксандра Барысёнка, адным з відаў дзейнасці якой з’яўляецца арганізацыя аграэкатурызму. Побач з сядзібай — лес, на тэрыторыі — штучны вадаём, у якім гаспадары пасялілі лебе­дзяў. Але гэта не сямейная пара. Кожная асобіна — сама па сабе. І ўсё роўна паназіраць за іх узаемаадносінамі цікава.

У вальерах жывуць бурыя мядзведзі, іншая лясная жыўнасць. І не толькі лясная. Барысёнкі займаюцца вырошчваннем норак, лаек. Так што можна паназіраць, як ідзе вытворчы працэс, трэніроўка сабак. Ды і самі гаспадары — вельмі цікавыя людзі, прыемныя субяседнікі.

Павялічваецца колькасць аграсядзіб у Машканах. Асабліва актыўна абуладкоўваецца «Ля Лука­мор’я» Ігара Салаўёва. Стаўку гаспадар робіць на віцябчан, арганізацыю карпаратыўнага адпачынку, сямейных святаў. Ужо зараз сядзіба гатова прыняць 40 чалавек, а будоўля працягваецца. Пасля яе завяршэння дом ператворыцца ў своеасаблівы гасцінічна-рэстаранны цэнтр. Нездарма адзін з членаў рабочай групы так уважліва прыглядаўся да прынятых мер, якія забяспечаць  пажарную бяспеку ў сядзібе, рэкамендаваў устанавіць аўтаномную пажарную сігналізацыю.

Штучны вадаём аграсядзібы СФГ «Лапеха».

Штучны вадаём аграсядзібы СФГ «Лапеха».

У тым жа накірунку, што і машканская сядзіба, развівае паслугі па аргані­зацыі адпачынку на прыродзе ўласнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Лапеха». Сядзіба знахо­дзіцца ў вёсцы Свабодная, непадалёк ад возера Сенненскае.

 

 

У «Спадчыны» свой дух.

У «Спадчыны» свой дух.

Аграсядзіба «Спадчына» ад  упамянутых адрозніваецца. Яе гаспадар Дзмітрый Вільчынскі не адмаўляе сваім гасцям у наталенні фізічных патрэб. Можна тут і папарыцца, і шашлыкі прыгатаваць, і на рыбалку ды па грыбы, ягады схадзіць. Але выбудоў­вае сваю сядзібу ён у казачна-этнаграфічным сты­лі. Многае, што аздабляе пабудовы, тэрыторыю, створана яго ўласнымі рукамі (Дзмітрый — добры разбяр), сабрана ў навакольных вёсках. У сядзібы ёсць свой  дух: вясковы, беларускі. Сюды хочацца прывесці сяброў, каб адпачыць душой, каб паказаць патрыярхальную сенненскую вёску.

Аляксандр ІЎЕЎ.