З пачатку года ў Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 10 выпадкаў актыўнага супраціўлення і непадпарадкавання законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі

ГС «Міліцыя! Пакажыце дакументы». На такі зварот людзі рэагуюць па-рознаму. Большасць — спакойна. А бывае… З пачатку года ў Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 10 выпадкаў актыўнага супраціўлення і непадпарадкавання законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, за што прадугледжана крымінальная адказнасць. Больш дзвюх тысяч асоб пакараны за невыкананне законных патрабаванняў пасадавай асобы пры выкананні ёй сваіх паўнамоцтваў.

— Найчасцей канфлікты здараюцца ў грамадскіх месцах пры кантакце супрацоўнікаў мі­ліцыі з людзьмі ў нецвярозым стане, ці пры здзяй­с­­ненні іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, — тэму паводзін людзей у форме пры ўзнікненні канфліктнай сітуацыі наш карэспандэнт абмяркоўвае з намеснікам начальніка Сенненскага РАУС, маёрам міліцыі Сяргеем Савікам.

— Сяргей Іванавіч, давайце для пачатку растлумачым больш дэталёва нашым чытачам, у якіх выпадках наступае адміністрацыйная адказнасць, у якіх крымінальная? Як павінны весці сябе мі­ліцыянеры ў кан­флікт­ных сітуацыях?

— П’яны чалавек, прабачце за жаргон, без тармазоў. Ні ў выразах, ні ў спосабах барацьбы ён сябе не абмяжоўвае. А вось супрацоўнік міліцыі ў канфліктных сітуацыях павінен дзейнічаць строга ў рамках закона, з найменшай шкодай для жыцця і здароўя грамадзяніна. Таму любую праблему міліцыянеры імкнуцца вырашыць спакойна: угаворваюць парушальніка, просяць супакоіцца, папя­рэдж­ваюць аб магчымых наступствах.

Што датычыцца адказнасці для парушальніка грамадскага парадку, то за пасіўныя дзеянні, якія праяўляюцца ў невыкананні патрабаванняў супрацоўніка міліцыі, наступае адміністрацыйная адказнасць. Скажам, чалавеку прапануюць прайсці ў міліцэйскі аўтамабіль, а ён садзіцца на зямлю, спрабуе збегчы. У адпаведнасці з арт. 23.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адмі­ністрацыйных правапарушэннях, такія дзеянні караюцца накладаннем штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь ці адміністрацыйным арыштам. Калі ж у той жа сітуацыі чалавек адпіхвае міліцыянера, хапае яго за адзенне, наносіць удары — такія дзеянні прадугледжваюць крымінальную адказнасць і караюцца выпраўленчымі работамі альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. Заўважу, што па гэтым артыкуле адказнасць наступае незалежна ад таго, знаходзіўся супрацоўнік на службе, быў у форме альбо прымаў меры для спынення правапарушэння па ўласнай ініцыятыве, альбо па просьбе грамадзян.

— За нецэнзурныя, зневажальныя, абразлівыя выразы ў адрас мі­ліцыянера пры выкананні службовых абавязкаў таксама прадугле­джана пакаранне?

— Нават калі яны ўжыты праз інтэрнэт, падобныя дзеянні таксама кваліфікуюцца на падставе арт. 23.5 КаАП як правапарушэнне, і за іх пагражае штраф ад 3 да 7,5 млн рублёў. Летась да адміністрацыйнай адказнасці за знявагу міліцыянераў прыцягнута больш 400 асоб. Супрацоўнікамі падраздзялення ўласнай бяспекі МУС рэгулярна праводзіцца маніторынг інфармацыі, якая ўтрымлівае звесткі аб праваахоўніках, у тым ліку ў інтэрнэце, каб устанавіць яе абгрунтаванасць і аб’ектыўнасць, выявіць факты распаўсюджвання інфармацыі, якая ганьбіць гонар і годнасць супрацоўнікаў. Пры наяўнасці дастатковых фактаў праводзяцца службовыя разбірацельствы.

У снежні 2012 года ў інтэрнэце на сайце «Беларускі партызан» быў выяўлены відэаролік пад назвай «Цішыня па-беларуску: міліцыянер растлумачыў, як трэба слухаць музыку». Па выніках праверкі дзеянні грама­дзяніна, які абразіў пасадавую асобу дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых абавязкаў, кваліфікаваны як адміністрацыйнае правапарушэнне. На падставе арт. 23.5 КаАП жыхар Наваполацка прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 2 млн рублёў. Змяшчэнне відэароліка ў  інтэрнэце дае магчымасць праглядаць яго шматлікім карыстальнікам. А падобныя дзеянні кваліфікуюцца як злачынства, прадугледжанае арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

— Сяргей Іванавіч, пагадзіцеся, хай не часта, і ўсё ж здараюцца факты, калі міліцыянеры нядобрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, паводзяць сябе некарэктна. Як дзейнічаць у гэтым выпадку законапаслухмяным грамадзянам?

— Існуюць законныя шляхі ўрэгулявання канфліктаў, пачынаючы ад звароту па тэлефонах даверу УУС аблвыканкама (8-0212-60-90-63) і МУС (8-017-218-72-22) і заканчваючы заявамі ў суд, пракуратуру.

Здараецца, я вымушаны пра гэта сказаць, што падобным чынам асобныя людзі спрабуюць аказаць ціск на супрацоўнікаў міліцыі, каб пазбегнуць адказнасці. Калі будзе даказана, што ў заяве змешчана заведама непраўдзівая інфармацыя, наступае адміністрацыйная адказнасць. У выпадку неабгрунтаванага абвінавачвання асобы ў здзяйсненні цяжкага ці асоба цяжкага злачынства, кляўзнік караецца штрафам або выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў альбо арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў. Падобны факт меў месца ў мінулым годзе ў Глыбоцкім раёне. Раней судзімы жыхар раённага цэнтра ў стане алкагольнага ап’янення патэлефанаваў у дзяжурную часць РАУС і паведаміў, што мясцовы ўчастковы знаходзіцца на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Інфармацыю тут жа праверылі. Факт не пацвердзіўся. Па даным факце сабралі даказную базу і накіравалі ў суд. Тэлефанаваўшы прызнаў сваю віну, і ўсё ж суд пакараў яго штрафам у памеры 5 базавых велічынь.

У завяршэнне нашай размовы я б хацеў падкрэсліць — патрабаванні міліцыянера, калі яны прад’яўлены ў межах законных патрабаванняў, абавязковыя для выканання.