У любой праблемы — два бакі

1Старшыня Багушэўскага сельвыканкама Вячаслаў Багданаў на чарговае пасяджэнне ўдзельнікаў калегіяльнага органа ўлады запрасіў… у кар’ер, што раскінуўся літаральна ў цэнтры пасёлка, на стыку вуліц Дзяржынскага, Новай і Лясной.

мес­цы знаходзілася ПМК, цяпер аб прадпрыемстве нагадвае хіба куча пабітай цэглы. Пустуючая тэрыторыя

стала для гарпасёлка сапраўднай праблемай. Многія жыхары па-ранейшаму выбіраюць самавольна з кар’ера пясок, не клапоцячыся асабліва пра яго добраўпарадкаванне. У выніку перад членамі выканкама, кіраўнікамі ўстаноў і прадпрыемстваў сельсавета паўстаў непрыглядны малюнак. Паўсюль валяецца смецце, будаўнічыя адходы, а тэрыторыю імкліва «акупіруе» пустазелле.

Між тым, на супрацьлеглым беразе кар’ера сітуацыя кардынальна іншая. Чысты сасновы бор, пясчаны пляж, празрыстая вада… А ўсё таму, што за парадкам сочаць разме­шчанае па суседстве ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» і вучні Багушэўскай СШ №1. Не дзіва, што  жыхары і госці гарпасёлка любяць тут адпачываць.

2       З ініцыятывай аб добраўпарадкаванні кар’ера выступілі дэпутаты сельскага Савета Аляксандр Ласянкоў і Пётр Гарбачоў. Вячаслаў Багданаў прапанову падтрымаў. На думку старшыні, даўно наспеў час прывесці гэтыя «два бакі медаля» ў адзіны прывабны выгляд: «Праз гадоў пяць тут будзе балота. Але ж мы можам зрабіць гэтую тэрыторыю жамчужынай Багушэўска». У планах арганізаваць зону адпачынку з пляжам, стадыёнам. Для гэтага закінуты кар’ер трэба рэкультываваць. Для сельвыканкама задача, прама скажам, непад’ёмная і без падтрымкі не абысціся. На перспектыву Вячаслаў Багданаў бачыць выйсце ў дзяржаўнай праграме па рэкультывацыі кар’­ера. А пакуль вырашана прыбраць смецце і параў­няць тэрыторыю.

Сацстандарты

на кантролі

         Ужо ў зале для пася­джэнняў было разгледжана яшчэ два пытанні. Першае датычылася выканання на тэрыторыі сельсавета дзяржаўных сацыяльных стандартаў у 2013 — першым квартале 2014 года. У сваім дакладзе старшыня сельвыканкама спыніўся на асноўных сферах жыццязабеспячэння насельніцтва, у тым ліку адукацыі, аховы здароўя, гандлю і інш.

Пытанні ЖКГ, па традыцыі, адносяцца да самых надзённых, бо ад іх залежыць камфорт чалавечага існавання. Праблемныя моманты ў сваім выступленні акрэсліў начальнік вытворчага ўчастка РУП ЖКГ г.п.Багушэўск Аляксандр Пруднікаў.

На жаль, не ўсе багушэўцы маюць магчымасць карыстацца ачы­шчанай вадой. Так, жыхары вуліц Чапаева, Камуніс­тычная, Заслонава і інш. вымушаны спажываць тэхнічную ваду, што паступае з лясгасаўскіх свід­равін. Патрабуецца падключэнне да цэнтралізаванага водазабеспячэння.  Заклапочанасць выклікае высокі ўзровень зношанасці водаправодных труб. Патрабуюць ачысткі і каля 30% грамадскіх калодзежаў (усяго іх на тэрыторыі сельсавета налічваецца 148). Ужо ў чэрвені запланавана ачысціць 5 студняў. На парадку дня стаіць капітальны рамонт свідравіны і воданапорнай вежы ў вёсцы Ског.

Надалі ўвагу на пасяджэнні выканкама і такім актуальным напрамкам работы, як вываз смецця, збор другаснай сыравіны, ліквідацыя стыхійных звалак. Па словах прадстаўніка жылкамунгаса, для абслугоўвання кантэйнераў неабходна спецтэхніка, якой на ўчастку недастаткова. Як выйсце багушэўскія камунальнікі прапануюць у вызначаныя дні пускаць у населеныя пункты трактар для збору смецця.

Такая схема ўжо працуе ў Янове. У сваю чаргу з боку камунальных службаў прагучалі прэтэнзіі ў адрас насельніцтва. У смецце вяскоўцы кідаюць тое, што ва ўмовах прыватнага падворку можна было б знішчыць, закласці кампост, выкарыстаць у другі раз. Між тым, агароднае пустазелле, будаўнічыя адходы займаюць месца і, больш таго, псуюць тэхніку.

Заслухалі дэпутаты і спра­­ваздачу дырэктара КУПБА «Прэстыж» Аляксандра Ласянкова аб стане спраў у сферы бытавога абслугоўвання. Выступоўца пачаў з прыемнага. Па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы комплексна-прыёмны пункт Цыпкаўскі КПП заняў 9 месца і тым самым увайшоў у дзясятку вядучых КПП краіны. За мінулы год пунк­там аказана паслуг на суму звыш 214 млн рублёў. Тэмп росту склаў 205%.

А вось Багушэўскі Дом быту па выніках работы за першы квартал 2014 года «не дабраў» да плана 1,5%. Меншым попытам карысталіся паслугі цырульні,  рамонт абутку. Сваю лыжку дзёгця ў эканоміку прадпрыемства бытавога абслугоўвання ўносяць і сельскія комплексна-прыёмныя пункты. За мінулы год іх дзейнасць прынесла страты на Br300 млн. Па словах Аляксандра Ласянкова, палову з існуючых 14 КПП можна скараціць. Праўда, на такія меры прадпрыемства ісці не збіраецца, разумеючы іх сацыяльную значнасць для жыхароў малых населеных пунк­таў.

Сёння «Прэстыж» прадастаўляе 11 відаў паслуг, у тым ліку 7 з іх — сваімі сіламі, яшчэ 4 (рамонт складанай бытавой тэхнікі, мэблі, фотапаслугі) па дамоўленасці з іншымі выканаўцамі. Дарэчы, як паведаміў Аляксандр Ласянкоў, у чэрвені ў Доме быту г.Сянно з’явіцца работнік, які будзе аказваць фотапаслугі.

Была абмеркавана таксама дзейнасць устаноў культуры сельсавета. Перад дэпутатамі выступілі загадчыца Рыбненскага  клуба Надзея Лядновіч і загадчыца Цыпкаўскай бібліятэкі Алена Гардзюк. Галоўным аб’ектам увагі стала выкананне платных паслуг. З заданнем па выніках работы за першы квартал 2014 года абедзьве ўстановы культуры справіліся. З надыходам летніх канікул наведвальнікаў у іх прыба­віц­ца за кошт тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыедуць на адпачынак да сваіх дзядуль і бабуль. Адно хвалюе культработнікаў — і ў клубе, і ў бібліятэцы даўно наспела патрэба ў рамонце.

Падводзячы рысу пад усім сказаным, Вячаслаў Багданаў адзначыў, што набалелых праблем хапае, але многія з іх (такія як, напрыклад, добраўпарадкаванне могілак, зон адпачынку і г.д.)не рашыць без актыўнага ўдзелу ўсіх жыхароў і арганізацый сельсавета.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.