Лес полю не сябар?

Изображение 005 З пакон вякоў людзі з павагай адносіліся да зямлі-матухны,
                называлі яе сваёй карміцелькай. Ды і сёння ў нашай дзяржаве шмат увагі надаецца навядзенню парадку на зямлі, у тым ліку і правільнаму яе выкарыстанню.

На жаль, не ўсе яшчэ ўсвядомілі важнасць гэтай справы. Некаторыя гаспадарнікі не абцяжарваюць сябе клопатам пра захаванне правілаў землекарыстання, парушаюць заканадаўства.

Нядаўна землеўпарадкавальная служба райвыканкама выявіла некалькі такіх парушэнняў на сельскагаспадарчых землях КУСГП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». І парушальнікамі, як ні дзіўна, аказаліся работнікі лесу, людзі, якія прызваны клапаціцца пра захаванне прыродных багаццяў.

Бурбінскае лясніцтва складзіравала на ўскрайку засеянага азімымі зерневымі поля каля 20 кубаметраў вывезенай з лесу дзелавой драўніны. Ад гэтай кучы да дарогі (адлегласць 1,3 км) драўніна перавозілася таксама па азі­міне. У выніку сапсавана 0,7 га пасеваў.

Чаму было б не вывезці нарыхтаваны лес зімой, калі поле падмерзла? А наогул, як зазначылі ў землеўпарадкавальнай службе, для сваіх гаспадарчых патрэб лясніцтву трэба было пабудаваць аб’я­зную дарогу.

Изображение 001   На полі, засеяным шматгадовымі травамі першага года карыстання, на якім яшчэ не паспела ўтварыцца дзярніна і глеба лёгка праразаецца, Багушэўскі леспрамгас складзіраваў каля 50 кубаметраў высечанага лесу. Акрамя таго тэхніка лесапрамысловай гаспадаркі «парэзала» поле. Усяго сапсавана 1,5 га сельскагаспадарчай зямлі. Хаця дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пасля выяўлення слядоў гэтай дзейнасці землеў­парадкавальнікамі лес­прамгас правёў дыскаванне на месцы каляін. Аднак травы сельгаспрадпрыемству там трэба будзе аднаўляць.

Пратаколы, складзеныя на «леснікоў», падрыхтаваны для перадачы ў суд, дзе адказнасць парушальнікам прыдзецца несці па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за самавольнае заняцце зямельнага ўчастка і за незахаванне патрабаванняў па ахове зямель.

Супрацоўнікі зям­службы выявілі на землях насенняводчага саўгаса імя Данукалава і трэці ўчастак азімых, парэзаны каляінамі машын, вывазіўшых лес. Цяпер устанаўліваецца, хто гэта зрабіў. Вядома, што Ульянавіцкае лясніцтва, уладанні якога знаходзяцца побач, выдавала білеты на высечку прыватнаму прадпрыемству «Барнас», РУП ЖКГ і аграсэрвісу.

 Таццяна Буракова.

 На здымках: вынікі дзейнасці Багушэўскага леспрамгаса (1) і Бурбінскага лясніцтва (2).

         Фота прадастаўлены землеўпарадкавальнай службай раёна.