Дырэктар Сенненскага РУП ЖКГ Васіль Кішковіч правёў «прамую тэлефонную лінію», на якую звярнуліся 11 чалавек

ГС Званілі не толькі жыхары райцэнтра і раёна. Некалькі тэлефанаванняў зрабілі дачнікі. Кожны стараўся расказаць пра сваю праблему, нярэдка такую, якая б магла вырашыцца пры звароце ў дыспетчарскую службу. І гэта, як раз, насцярожвае.

У раёне вуліц Пушкіна, Святлічнага райцэнтра слабы ціск у водаразборных калонках, што стварае праблемы для сенненцаў, якія маюць уласныя хаты, зямельныя ўчасткі. Жыхарка шматкватэрнага дома № 126 па вул. Кастрычніцкай прасіла абуладкаваць уезд у двор. Кіраўнік УП ЖКГ абяцаў унікнуць у праблемы тэлефанаваўшых. Не адмовіў ён у дапамозе і жыхарцы дома № 21, што па вуліцы Меліяратараў. Трохпавярхоўка пабудавана 20 гадоў таму. З той пары ў пад’ездах рамонт не рабіўся. Жыхары дома звярнуліся летась да кіраўніцтва прадпрыемства ў сувязі з гэтым з пісьмом. І атрымалі абяцанне: работы будуць праведзены сёлета. Не адмовілі і на гэты раз. Аднак трэба мець на ўвазе, уласных мэтавых сродкаў у прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі не хапае. А вось дамоў з больш працяглым тэрмінам эксплуатацыі, дамоў, дзе доўгі час працякалі дахі і дзе патрабуецца неадкладны рамонт, дзясяткі.

Добрую палову зваротаў склалі тэлефанаванні ад вяскоўцаў. Віцябчанка, якая мае дачу ў вёсцы Чырвоная Лука, паведаміла, што ў населеным пунк­це ўкралі кантэйнер для збору бытавога смецця. У выніку адходы звальваюцца ў кучу, не вывозяцца своечасова. Утварыўся сметнік, на якім рой мух…

Да гонару работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі праблему яны ліквідавалі яшчэ да тэлефанавання дачніцы, кантэйнер устанавілі новы. Толькі ці доўга ён прастаіць? Ды і цяжка паверыць, каб ніхто не бачыў, як забіралі ёмістасць. Дарэчы, кантэйнер каштуе 2,5 млн рублёў.

З вёскі Рамшына Ходцаўскага сельсавета тэлефанавалі, каб пачуць тлумачэнні, чаму такую значную суму налічылі на жыллё, якое прыватызуецца. У Студзёнцы не прыбіраюцца пад’езды ў шматкватэрных дамах па вул. Школьнай, у Расне  не працуе водаразборная калонка…

Згодна з заканадаўствам аб зваротах грама­дзян, кожны патэлефанаваўшы на «прамую тэлефонную лінію» атрымае пісьмовы адказ з тлумачэннямі па сутнасці звароту.