Магілу Марыі Прымачэнка, сяржанта-разведчыцы, якая загінула на Сенненшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, родныя знайшлі праз 70 гадоў пасля яе смерці

70-цв.18-гадовая ўраджэнка Украіны была прызвана ў Чырвоную Армію ў пачатку вайны. У 1944 годзе службу праходзіла ў стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронта, прымала ўдзел у вызваленні гарадскога пасёлка Багушэўск. На той час населены пункт і яго ваколіцы уяўлялі магутны абарончы вузел ворага.  пры страце  ключавой пазіцыі, парушалася ўся сістэма абароны гітлераўцаў на віцебскім участку. Жорсткія баі вяліся некалькі дзён. У адным з іх, пад вёскай Кічына, 25 чэрвеня 1944 года і загінула юная разведчыца Марыя Прымачэнка.

Яна пахавана ў брацкай магіле ў г.п.Багушэўск. Сёння на гэтым месцы стаіць помнік.

Да нядаўняга часу родныя Марыі Прымачэнка, якія жывуць у Расіі, не ведалі, дзе знайшоў апошні прытулак блізкі ім чалавек. Аза Дружыніна, пляменніца жанчыны, праз інтэрнэт адшукала месца яе пахавання. На днях разам з дачкой і зяцем яна прыязджала ў г.п. Багушэўск, каб ушанаваць памяць і ўскласці кветкі на брацкую магілу.

Апроч таго, госці наведалі гісторыка-краязнаўчы музей Багушэўскай СШ №2. Наталля Бярэзіна, яго кіраўнік, расказала аб баях, што вяліся на тэрыторыі і вакол пасёлка, пазнаёміла з пошукавай працай вучняў па ўстанаўленні імён загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны на Сенненшчыне.

Госці ў сваю чаргу расказалі пра вядомыя ім факты з жыцця Марыі Прымачэнка,  падарылі музею яе партрэт.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.