Во время Дня призывника 30 сенненцев получили повестки
Школу мужнасці і загартоўкі характару пачнуць праходзіць сёлетняй вясной каля 30 сенненцаў, якія прызываюцца на службу ва Узброеныя Сілы нашай краіны. Для іх быў арганізаваны традыцыйны на Сенненшчыне «Дзень прызыўніка», у час правядзення якога навабранцы ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі павесткі.
Урачысты мітынг адбыўся ў Сянне ля бронетранспарцёра, устаноўленага ў парку Трох Герояў у гонар воінаў-афганцаў. Адкрыла яго першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Марына Наваковіч і начальнік групы прызыву на вайсковую службу раённага ваеннага камісарыяту Аляксандр Ахрамовіч.
Падтрымаць прызыўнікоў прыйшла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня прызыўной камісіі Зоя Фаміна. Яна цёплымі словамі падбадзёрыла будучых салдат, пажадала ім годна несці імя воіна-сенненца. Да юнакоў звярнуўся падпалкоўнік, ваенны камісар райваенкамата Сяргей Пінчук.
Прадстаўнікі райспажыўтаварыства, саўгаса імя Машэрава, Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі, райаграсэрвіса, школы-інтэрната ўручылі былым работнікам памятныя падарункі.
Быць духоўна моцнымі, верыць у Бога і свае сілы заклікаў навабранцаў святар Свята-Мікалаеўскага храма Дзімітрый Фёдараў, які прачытаў малітву і акрапіў святой вадой будучых салдат.
А бацькоўскі наказ хлопцам дала Галіна Пракоф’ева. Яе сын Анатоль сёлета папоўніць рады вайсковай часці МУС Рэспублікі Беларусь у г.Мінску. Ад імя прызыўнікоў адказнае слова трымаў Дзмітрый Мітрошкін.
Ірына ГАРБАЧОВА.