Сянно — горад, дзе засталося ваеннае дзяцінства

70-цв.Даўні сябар і пазаштатны аўтар газеты Дзмітрый Смірноў  неаднаразова выступаў на старонках «Голасу Сенненшчыны». Дзяліўся сваімі ўспамінамі пра часы ваеннага ліхалецця, якія прыйшліся на яго дзяцінства, расказваў пра Сянно, яго жыхароў. Дзмітрый Аляксандравіч ураджэнец нашага горада, тут радзіма яго продкаў па матчынай  лініі.

 Лёс склаўся так, што ўжо шмат гадоў ён жыве ў г.Клімавічы Магілёўскай вобласці. Але Сянно, як прызнаецца наш зямляк, увесь час кліча яго да сябе, прыцягвае знаёмымі з дзяцінства мясцінамі і краявідамі.

Нарадзіўся Дзмітрый Смірноў у 1932 годзе ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася 8 дзяцей. Бацька яго быў рускім, раней жыў у Санкт-Пецярбургу. У Сянне ён працаваў у шавецкай майстэрні. Меў білет чырвонага партызана, раненне і кантузію. Памёр у 1940 годзе.

Калі пачалася вайна, Дзмітрыю было дзевяць гадоў і ён добра памятае падзеі таго страшнага дня: «Раніцай 22 чэрвеня многія спяшаліся на базарную плошчу, што была паміж пякарняй і касцёлам. Сяляне ехалі на конях. Хтосьці хацеў нешта купіць, хтосьці прадаць, а нехта проста паглядзець на лю­дзей і сябе паказаць».

А на граніцы ў гэты час ужо ішлі баі.

«Удзень па радыё аб’­явілі аб пачатку вайны. Плошча хутка апусцела… У гэты дзень выйшла раённая газета, прысвечаная яшчэ мірным справам, а мірнае жыццё ўжо скончылася», — успамінае Дзміт­рый Смір­ноў. Шмат чаго яшчэ запомніў хлопчык у тыя дні: як жыхары горада капалі акопы, каб схавацца ў выпадку бамбёжкі і баёў; як ішлі цераз Сянно на захад, у бок Чашнікаў, машыны з салдатамі, а гурты жывёлы гналі на ўсход, у бок Багушэўска; як у горадзе пачалі з’яўляцца варожыя лазутчыкі, і гараджане спрабавалі лавіць іх. Шмат чаго давялося ўбачыць і перажыць у акупаваным фашыстамі горадзе. Пра гэта Смірноў неаднаразова расказваў на старонках нашай газеты.

Сёння мы раскажам пра далейшае, пасляваеннае, жыццё Дзмітрыя Аляксандравіча. Пасля вайны ён скончыў школу, а потым Віцебскі ветэрынарны тэхнікум. Адпрацаваў на Сенненшчыне амаль дзевяць гадоў. Потым працягваў вучобу ў Ленінградскім ветэрынарным інстытуце, выкладаў у Бігосаўскім зааветтэхнікуме. Калі навучальную ўстанову ліквідавалі, пераехаў з сям’ёй у Клімавічы, дзе працаваў у мясцовым саўгасе-тэхнікуме. Асабліва падабалася работа ў вучэбна-вытворчай ветстанцыі. Праз нейкі час завочна скончыў педагагіч­ны факультэт Маскоўскай ветэрынарнай акадэміі.

Працаваў з інтарэсам. У вучэбны працэс і вытворчасць укараняў новыя метады лячэння і прафілактыкі хвароб жывёлы. Чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі і сапраўдны прафесіянал, ён дзяліўся вопытам сваёй работы на старонках рэспубліканскага часопіса «Сельское хозяйство Белоруссии», усесаюзнага часопіса «Ветеринария» і іншых выданняў, удзельнічаў ва ўсесаюзных нарадах і канферэнцыях. Многія выпускнікі Дзмітрыя Аляксандравіча сталі паважанымі людзьмі, займаюць высокія кіруючыя пасты.

Праца Дзмітрыя Смір­­­нова адзначана шмат­лікімі падзякамі кіраўніцтва навучальных устаноў, Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР. Ён узнагароджаны медалём «Ветэран працы».

І цяпер пенсіянер вядзе актыўны лад жыцця, з’яўляецца членам клуба «Мудрость», спявае ў хоры, цікавіцца грамадскімі па­дзеямі. Дзмітрый Аляксандравіч часта наведвае горад свайго дзяцінства і не спыняе супрацоўніцтва з газетай «Голас Сеннен­шчыны».

 Таццяна Буракова.