Сенненцев призывают поделиться семейными историями
У праекце «Вайна ў лёсе маёй сям’і» запрашаюць прыняць удзел сенненцаў супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Напэўна, няма ў нашай краіне сям’і, якую не закранула Вялікая Айчынная вайна. У кожнай былі свае героі. Адны змагаліся на франтах, іншыя працавалі ў тыле. Многім беларусам давялося зведаць цяжкія фізічныя і маральныя выпрабаванні нямецкага палону.
З кожным годам усё менш застаецца ў жывых непасрэдных сведкаў і ўдзельнікаў тых жудасных падзей. І тым каштоўней для нас, іх нашчадкаў, становяцца ўспаміны ветэранаў.
Захаваць сведчанні відавочцаў вайны і ставіць за галоўную мэту праект «Вайна ў лёсе маёй сям’і», што стартаваў у цэнтральнай раённай бібліятэцы з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На працягу мая жыхары раёна могуць прыносіць на адрас бібліятэкі (г.Сянно, вул.Савецкая, 9; тэлефон для даведак 4-18-36) фотадакументальныя матэрыялы, успаміны сваіх родных, якія прайшлі вайну. Спецыялісты апрацуюць і перанясуць на электронны носьбіт расказы сенненцаў. Сабраныя матэрыялы ўвойдуць у зборнік, які плануецца выдаць да Дня Незалежнасці нашай краіны.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.